Ізраільскія вайскоўцы ў сектары Газа
У сектары Газа баі ідуць у пяці кропках — на поўначы і вакол горада Газа. Самы буйны бой адбываецца на паўночным захадзе сектара, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Тэрарысты ХАМАС выкарыстоўваюць супрацьтанкавыя ракеты для знішчэння ізраільскай бронетэхнікі. Яны з'яўляюцца з падземных тунэляў і ў руінах будынкаў, абстрэльваюць падраздзяленні ізраільскай арміі. Баі працягваюцца і ўначы. Колькасць загінулых за тры дні наземнай аперацыі ізраільскіх вайскоўцаў дасягнула 18 чалавек. На поўначы сектара Газа загінуў падпалкоўнік Салман Хабака, камандзір батальёна 188-й бронетанкавай брыгады. Колькасць забітых тэрарыстаў невядомая.
У ізраільскай арміі заяўляюць, што ХАМАС пазбягае вырашальнай бітвы з ЦАХАЛ і аддае перавагу арганізацыі шматлікіх засад, абстрэлам з мінамётаў. Каб зменшыць свае страты, ізраільская армія прасоўваецца марудна. Выяўленыя агнявыя кропкі ХАМАС знішчаюцца з дапамогай артылерыі і авіяцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут