У сцяне музея знайшлі карціну за 60 млн еўра, якую шукалі 22 гады

11/12/2019 - 16:22

У сцяне музея ў італьянскім горадзе П'ячэнца знайшлі карціну за 60 млн еўра, якую шукалі 22 гады. "Партрэт жанчыны" аўстрыйскага мастака Густава Клімта ўваходзіў у спіс прадметаў мастацтва Італіі, якія стаялі ў вышуку на першых месцах. Карціну скралі ў 1997-м. Эксперты пакуль не пацвердзілі, што знойдзены арыгінал, але супрацоўнікі галерэі Рычы Одзі ў гэтым упэўненыя (вядомыя 6-7 копій).

"Партрэт жанчыны" быў напісаны крыху больш за сто гадоў таму. Карціну набыў італьянскі арыстакрат Джузэпэ Рычы Одзі, які пасля падарыў сваю калекцыю роднаму гораду. Мастацкая галерэя атрымала яго імя. Праца Клімта лічылася самай каштоўнай у музеі, інфармуе meduza.io.

У лютым 1997-га знікненне карціны не адразу заўважылі. Раму знайшлі на даху музея. Ніхто не сумняваўся, што ў музеі яе ўжо няма. 10 снежня 2019-га рабочы чысціў сцены галерэі ад расліннасці і ўбачыў нішу ў сцяне, закрытую жалезнымі дзвярыма. Там ляжала карціна, загорнутая ў пластыкавы пакет для смецця. Яе адразу ж апазналі. Мяркуецца, што злодзеі планавалі вярнуцца за "Партрэтам жанчыны", але з-за ўзмоцненых мер бяспекі ў іх гэта не атрымалася. Праўда, не ўсе ў гэта вераць — карціна ў выдатным стане, таму выказваецца версія, што яе падкінулі ў галерэю адносна нядаўна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі