У Расіі затрымалі экс-мэра Екацярынбурга Яўгена Ройзмана

24/08/2022 - 06:13

У Расіі затрымалі былога мэра Екацярыньубурга Яўгена Ройзмана, паведамляе Бі-Бі-Сі.

"Ён сапраўды затрыманы. Ідуць ператрусы, як я зразумела, у музеі Няўянскай іконы. Затэлефанавалі нам, каб мы адкрылі офіс фонду (Ройзмана), што ператрусы хочуць правесці ў Фондзе", — распавяла памочніца Ройзмана Лэйла Гусейнава.

Паводле інфармацыі ТАСС, на яго пачалі крымінальную справу за дыскрэдытацыю расійскага войска. Адвакатка Ройзмана Юлія Фядотава даведалася пра затрыманне ад журналістаў.

Увесну Ройзмана ўжо тройчы штрафавалі, абвінаваціўшы ў дыскрэдытацыі расійскага войска. Нагодай сталі пост і спасылка ў сацсетцы, а таксама відэазапіс на адным з папулярных сэрвісаў.

Ройзман кіраваў Екацярынбургам у 2013-2018 гадах. Потым працаваў на радыёстанцыі "Эхо Москвы", а пазней заняўся толькі грамадскай дзейнасцю. Ён вельмі актыўна вядзе сацсеткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі