У Расіі могуць зноў адмяніць прамыя выбары губернатараў

26/04/2022 - 08:48
У верасні ў Расіі павінны выбіраць 14 губернатараў / РІА Новости

Губернатарскія выбары ў Расіі могуць зноў адмяніць, кіраўнікоў рэгіёнаў будуць выбіраць заканадаўчыя сходы. Пра гэта піша расійскі рэсурс РБК са спасылкай на свае крыніцы, "знаёмыя з абмеркаваннем пытання".

Мяркуецца, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца заўтра на пасяджэнні савета заканадаўцаў з удзелам расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Верагоднасць прыняцця рашэння высокая, адзначылі крыніцы РБК. Прычым адна з крыніц адзначыла, што выбары могуць адмяніць пакуль толькі ў гэтым годзе, "а што будзе ў далейшым — незразумела".

Прычын у такога рашэння як мінімум дзве, тлумачаць суразмоўцы выдання. Немагчыма спрагназаваць, які будзе рэйтынг улады да восені, калі павінны прайсці выбары. Да таго ж, гэта магчымасць зэканоміць сродкі.

Сёлета ў адзіны дзень галасавання ў верасні ў Расіі павінны выбіраць 14 губернатараў. Нагадаем, у РФ ужо аднойчы адмянялі прамыя выбары губернатараў — гэта было ў 2004-м годзе пасля захопу закладнікаў у школе Беслана. Аднак пасля мітынгаў 2012 года гэтую практыку вярнулі ў большасці рэгіёнаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі