У Расіі хочуць увесці крымінальнае пакаранне за "русафобію"

19/12/2023 - 06:09

Шэраг еўрапейскіх краін забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабіляў на расійскіх нумарах / РИА Новости

У Расіі прапануюць дапоўніць Крымінальны кодэкс краіны артыкулам "Русафобія". Законапраект ужо гатовы. Ва ўрадзе ідэю падтрымалі, але "з умовай дапрацоўкі" дакумента. Што просяць дапрацаваць, у расійскім Савеце па правах чалавека не ўдакладнілі. Затое распавялі, што з прыняццем паправак будзе ўведзена адказнасць за "дыскрымінацыйныя дзеянні, учыненыя замежнымі асобамі за межамі Расіі ў дачыненні да грамадзяніна РФ, які пастаянна пражывае ў Расіі, асобы без грамадзянства або суайчынніка, які не з'яўляецца грамадзянінам РФ". Адказаць давядзецца і "за публічныя заклікі да здзяйснення такіх дыскрымінацыйных дзеянняў".

У якасці прыкладаў русафобіі ў расійскім СПЧ назвалі высылку рускіх з Латвіі і канфіскацыю аўтамабіляў на расійскіх нумарах у Германіі. Германія ад гэтай практыкі, нагадаем, ужо адмовілася, а некалькі канфіскаваных аўто паспелі вярнуць уладальнікам. Хоць некаторыя абмежавальныя меры супраць расіян — у рамках уведзеных санкцый — у шэрагу краін сапраўды дзейнічаюць. Так, шэраг еўрапейскіх дзяржаў закрылі ўезд у свае краіны для аўтамабіляў на расійскіх нумарах. Санкцыі, нагадаем, былі ўведзены ў адказ на расійскую агрэсію супраць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі