У Расіі абурыліся, што беларуская нацыя "старэйшая за расіян на 200 гадоў"

25/11/2016 - 04:25

У Расіі абурыліся, што беларуская нацыя "старэйшая за расіян на 200 гадоў". Падчас ток-шоу "Время покажет" у эфіры расійскага Першага канала абмяркоўвалася кніга беларускага гісторыка Алега Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы". Як можна меркаваць, саму кнігу расіяне не чыталі, яны цытавалі публікацыю пра яе прэзентацыю. Прагучала, што беларусы — "сапраўдныя рускія", што Сувораў "паліў вёскі" і г. д. Вядучы Арцём Шэйнін настойліва спрабаваў правесці паралелі паміж сітуацыяй у Беларусі і ва Украіне. Ён мяркуе, што ў нашай паўднёвай суседкі таксама ўсё пачыналася з такіх падручнікаў.

Журналістка Першага канала Кацярына Кібальчыч заявіла, што кніга Трусава — гэта не афіцыйная пазіцыя Беларусі. А гісторык і грамадская дзеячка Ніна Стужынская прызналася: "Я ў нейкім дзікім шоку... З чаго тут паніка? З кропкі гледжання беларусаў гэта нармальная з'ява. Прычым тут вы? Гэта гісторыя нашай краіны!".

Але вядучы не супакойваўся. Згадаў пра 10 тысяч загінулых украінцаў, абазваў аўтара кнігі "фрыкам". Былі паказаныя відэакадры з вулічнай акцыі ў Мінску ў сакавіку 2016-га, на якіх была моладзь з бел-чырвона-белымі сцягамі скакала і крычала "Хто не скача, той маскаль!". Пасля прадэманстравалі такія ж відэакадры з Кіева ў кастрычніку 2013 года. "Пра Украіну гаварылі: паскачуць і супакояцца. Не супакоіліся", — сказаў Шэйнін, намякаючы, што ў Беларусі існуе небяспека паўтарэння ўкраінскіх падзей.

Ніна Стужынская ў каментары Радыё Свабода сказала, што ў шоку ад гэтай сустрэчы з расійскімі прапагандыстамі. Паводле яе слоў, у Маскве штучна нагнятаецца беларуска-расійскі канфлікт.

Відэа праграмы. (першая яе частка прысвечаная Украіне, у ёй з расійскімі прапагандыстамі спрачалася палітолаг Алеся Яхно).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі