У Мінску з’явяцца новыя муралы і інавацыйны урбан-арт-фестываль

30/03/2016 - 16:17

У красавіку ў Мінску стартуе другая серыя стрыт-арт-праекта Urban Myths. Згодна з планам арганізатараў, у Кастрычніцкім раёне мусяць з'явіцца восем новых муралаў. Каб здзейсніць задуму, арганізатары аб'явілі збор сродкаў на стварэнне прынамсі пяці прац.

"Каб не сысці ў пазыкі і зрабіць мінімальна пяць муралаў, нам патрэбна 12 500 долараў, — распавядае каардынатар праекта Алег Ларычаў.У любым выпадку, мы будзем распачынаць працу напрыканцы красавіка. Але ў залежнасці ад таго, ці будуць сабраныя грошы, ці знойдзем мы спонсараў, гэта будуць спачатку ці муралы, ці інсталяцыі".

Першым памацаць глебу і прыдумаць будучую працу ў Мінск прыедзе "уральскі Бэнксі", расійскі мастак Цімафей Радзя, вядомы на ўвесь свет сваім уменнем "маляваць" агнём і ствараць канцэптуальныя праекты з глыбокім сэнсам. Апроч яго, чакаецца прыезд іспанца Deih, партугальскага мастака Vhils, qBic з Татарстана, нарвежца Martin Whatson. Таксама разглядаецца магчымасць з'яўлення ў Мінску зоркі італьянскага стрыт-арта Blu. А яшчэ зноў збіраюцца ў Мінск ужо вядомыя беларусам аўтар "Дзяўчыны ў вышыванцы" брытанец Гвіда ван Хэльтэн і грэк Ino, які мае сустрэцца з жыхарамі вуліцы Варанянскага, выслухаць іх заўвагі па "Чалавеку без твару" і, магчыма, дарабіць скандальны мурал. Не выключана, што Ino створыць яшчэ адно графіці ў межах Urban Myths.

"Больш хацелася б зрабіць упор на сустрэчы і камунікацыю мастакоў з мінчанамі, — пералічвае Ларычаў задачы сёлетняга праекта. — Гэта таксама і ідэя адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, якая хоча актывізаваць сваіх жыхароў. Ды і самім мастакам пойдуць на карысць такія стасункі".

Графіці аўтарства Ino на вул. Варанянскага

А намеснік старшыні адміністрацыі самага размаляванага на сёння Кастрычніцкага раёна горада Ігар Жур дадае:

"Гэта цікава, гэта сучасна, гэта модна, гэта крэатыўна. Я б хацеў, каб гэты праект працягваўся. Таму будзем запрашаць людзей, каб яны ўдзельнічалі ў абмеркаванні эскізных праектаў на сустрэчах з мастакамі і ў Цэнтры сучаснага мастацтва, як і раней, так і непасрэдна на месцы, дзе будзе планавацца нанясенне стрыт-арта".

Збор сродкаў на працяг Urban Myths разлічаны на два месяцы. З'яўленне муралаў у Мінску будзе адбывацца па меры паступлення грошай. Алег Ларычаў не выключае, што гэта можна доўжыцца да наступнай зімы.

Таксама напрыканцы лета ў Мінску стартуе фестываль стрыт-арта Vulica Brasil III, які традыцыйна ахопіць Кастрычніцкую вуліцу і цэнтр горада. Праўда, фэст змяняе сваю канцэпцыю: становіцца фестывалем urban-арта і пашырае межы.

"Цяпер мы будзем не толькі маляваць на сценах, а ўцягваем у нашу кампанію ўрбаністаў, эколагаў і розных гарадскіх актывістаў, якія разам прыдумляюць класную і інавацыйную для Мінска канцэпцыю новага фэсту. Але мастацтва, арт — галоўнае на нашым фэсце, яны пранізваюць усе актыўнасці, якія будуць прадстаўленыя, — расказвае арганізатар Vulica Brasil Міла Котка. — Наша ідэя, каб тое, што мы робім, было бачна ўсім, а ўжо пасля асабістыя ініцыятывы пераносілі ўсё гэта з цэнтра ў свае раёны".

Vulica Brasil III — бразільска-беларускі фэст, місія якога, паказаць, як два народы могуць наблізіцца адзін да аднаго праз мастацтва, экалогію, клопат пра горад, як месца, дзе ты жывеш. На думку Мілы, нашы краіны адрозніваюцца толькі кліматам, а многія рэчы, якія ў іх адбываюцца, шмат у чым падобныя. З фінансамі ў фэсту праблем няма — за іх адказвае амбасада Бразіліі ў Беларусі, хаця маштаб івенту залежыць ад спонсараў, якія запрашаюцца да ўдзелу. З арганізацыяй і пашырэннем фестывальнай прасторы таксама не ўзнікае пытанняў, бо гарадскія ўлады, як і ў выпадку з Urban Myths, цалкам падтрымліваюць ідэю і спрыяюць яе рэалізацыі.

Фестываль урбан-арта Vulica Brasil III працягнецца два тыдні і завершыцца, як і летась, 10 верасня ў Дзень горада грандыёзным святам вулічнага мастацтва. Арганізатары запрашаюць усіх ахвочых далучыцца да стварэння фестывалю.

Thiago Toes на вул. Кальварыйская

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі