У Мінску судзяць былога высокапастаўленага чыноўніка-камуніста

25/08/2017 - 18:05

У суд Першамайскага раёна Мінска паступіла крымінальная справа экс-намесніка кіраўніка Партызанскага раёна Мікалая Петрамовіча. Яму выстаўленыя абвінавачанні адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, піша tut.by.

Экс-чыноўніка абвінавачваюць у замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры; дапамозе ў дачы хабару; падбухторванні да дачы хабару паўторна або ў буйным памеры; падрыхтоўцы да дачы хабару паўторна або ў буйным памеры.

Раней са словаў пацярпелых паведамлялася, што былы намеснік кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна і дэпутат Мінгарсавета ад Камуністычнай партыі Мікалай Петрамовіч набраў у розных людзей вялікія пазыкі і знік напрыканцы 2016 года. Потым яго звольнілі ў сувязі з адсутнасцю на працоўным месцы. Затрымалі чыноўніка ў лютым 2017 года і пачалі на яго крымінальную справу па падазрэнні ў махлярстве.

Петрамовіч нарадзіўся ў 1978 годзе. Ён вучыўся на следча-экспертным факультэце Акадэміі МУС і ў Маскоўскім юрыдычным інстытуце. Акрамя таго ён скончыў Інстытут дзяржслужбы Акадэміі кіравання. Раней Петрамовіч працаваў начальнікам упраўлення кадраў на "Інтэграле" і ўзначальваў там арганізацыю БРСМ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі