У Мінску незадаволеныя рашэннем Міжнароднага алімпійскага камітэта

11/12/2023 - 10:39

"Даплыць да Алімпіяды" / pixabay.com

У Мінску незадаволеныя ўмовамі допуску беларускіх атлетаў да Алімпіяды 2024 года ў Парыжы. Нацыянальны алімпійскі камітэт назваў іх "вельмі дыскрымінацыйнымі". Пры гэтым сам допуск вітаецца.

Паводле нядаўняга рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта, беларусы, як і расіяне, дапускаюцца, як "індывідуальныя нейтральныя спартсмены". На афіцыйных пляцоўках Алімпійскіх гульняў у Парыжы не будзе дэманстравацца ні сцяг, ні гімн, ні спалучэнне колераў, ні іншыя сімвалы Беларусі і Расіі. Таксама на Алімпіяду не будуць запрошаныя і акрэдытаваныя ні расійскія, ні беларускія чыноўнікі. У Парыж не трапяць спартсмены, якія выказваліся ў падтрымку вайны Расіі супраць Украіны, ці "звязаныя з ваеннымі ці сілавымі структурамі".

Таксама НАК звяртае ўвагу, што не ўсе міжнародныя спартыўныя федэрацыі кіруюцца рэкамендацыямі МАК. Напрыклад, Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics) заявіла, што беларускіх і расійскіх лёгкаатлетаў у Парыжы не будзе. У Нацыянальным алімпійскім камітэце РБ лічаць, што яна "нават не спрабуе схаваць адкрыта дыскрымінацыйную і палітызаваную пазіцыю ў адносінах да нашых спартсменаў".

"У сувязі з гэтым чакаем выразныя тлумачэнні "дыскрымінацыйных" умоў доступу да ўдзелу ў кваліфікацыйных спаборніцтвах, якія засталіся, і Алімпійскіх гульнях у Парыжы не толькі з боку МАК, але і міжнародных федэрацый як асноўных арганізатараў спаборніцтваў у сваіх відах спорту", — гаворыцца ў заяве НАК.

На Алімпіяду змогуць паехаць спартсмены, якія прайшлі адбор у сваіх відах спорту. На даны момант кваліфікаваліся 8 атлетаў з РФ і 3 — з РБ.

Беларускі і расійскі спорт трапілі пад санкцыі пасля 24 лютага 2022-га, агрэсіі РФ супраць Украіны. У далейшым Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў міжнародным спартыўным федэрацыям дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі да спаборніцтваў на пэўных умовах. Але не ўсе федэрацыі з гэтым пагадзіліся.

Алімпійскія гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня да 11 жніўня 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі