У мінскай сярэдняй школе № 93 ва Уруччы, якую нядаўна адкрываў Аляксандр Лукашэнка (менавіта там ён расказаў пра падарунак Ілана Маска), абвяргаюць, што там у аўторак адбыўся выбух. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў сацсетках. У раённым упраўленні адукацыі кажуць, што насамрэч каля 09:20 на перамене школьнікі пашкодзілі вогнетушыцель, які стаяў у калідоры ў куце.
"Ніякага выбуху не было, — кажа ў каментары minsknews.by начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Людміла Барысенка. — Вучняў не эвакуявалі. Школа працягнула працаваць у штатным рэжыме".
Вядома, што вогнетушыцель пашкодзілі пяцікласнікі. Цяпер высвятляецца, хто менавіта гэта зрабіў, выпадкова ці не.
У школу каля 15-й гадзіны прыязджаў аўтамабіль хуткай дапамогі, але з іншай нагоды: адной вучаніцы стала кепска.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.