У Мінск зноў з'язджаецца спецтэхніка, на вуліцах — сілавікі і агароджы

20/09/2020 - 10:30
Спецтэхніка / tut.by

Сёння — 43-ці дзень пратэстаў у Беларусі. У Мінску плануецца нядзельны марш салідарнасці, а сілавікі традыцыйна да яго рыхтуюцца. З раніцы на вуліцах сталіцы з'явіліся сілавікі, спецтэхніка і металічныя агароджы.

Цяжкая тэхніка па традыцыі сцягваецца да Палаца Незалежнасці. На праспекце Пераможцаў заўважылі калону з дзесяці БТР. Менавіта ў гэты раён звычайна падчас нядзельных пратэстаў напраўляюцца шматтысячныя калоны мітынгоўцаў.

Металічнымі агароджамі перакрылі падыходы да Аляксандраўскага сквера, за якім знаходзіцца Купалаўскі тэатр і будынак адміністрацыі прэзідэнта. Зачыненыя падыходы на Кастрычніцкую плошчу і плошчу Незалежнасці. Каля Стэлы заўважылі вадамёты.

Слухачы Еўрарадыё распавядаюць, што ў дыпламатычным гарадку ў Драздах бачылі некалькі міліцэйскіх бусаў і як мінімум адзін "Рубеж". Шмат міліцыі з боку вёскі Зацань. На заднім двары выставачнага комплекса "БелЭкспа" заўважаныя вайсковыя браневікі.

Кастрычніцкая плошча / telegram

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі