У Мазыры чыноўнік папаўся на хлусні пра дзіцячыя пляцоўкі. Ці будуць судзіць?

14/04/2021 - 12:40
Пляцоўка ў жыцці і ў адказе чыноўніка / Еўрарадыё

Жыхары Мазыра злавілі мясцовага чыноўніка на хлусні пра дзіцячыя пляцоўкі. Фелікс Галюк, намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама, у адказ на адзін з запытаў даў справаздачу аб заканчэнні ўладкавання трох спартыўных пляцовак па вуліцах Нафтабудаўнікоў, Пралетарскай і бульвары Дружбы ў 2020 годзе. Але пляцоўкі не дабудаваныя і ў эксплуатацыю не ўведзеныя дагэтуль!

Аўтары запыту абураныя. У тэлеграм-канале "Совет г. Мозырь" яны размясцілі фота "дабудаваных" спартыўных пляцовак.

Пазіцыю грамадзян нечакана падтрымала інспекцыя Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Гомельскай вобласці. У адказе на скаргу ведамства пацвердзіла, што "аб'екты не ўведзены ў эксплуатацыю ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку", а "якасць выкананых работ характарызуецца як нездавальняючая".

З гэтым адказам мазырчукі звярнуліся ў Камітэт дзяржкантролю. Яны патрабуюць прыцягнуць Галюка да адміністрацыйнай адказнасці. З афіцыйнага адказу ведамства вынікае, што там не ўпэўненыя, што дзеянні чыноўніка падпадаюць пад КаАП. Ім прапанавалі звярнуцца ў органы крымінальнага пераследу.

Камітэт дзяржкантролю мяркуе, што чыноўнік парушыў артыкул 204 КК РБ: "Падаванне грамадзяніну няпоўнай ці наўмысна скажонай інфармацыі, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна". Санкцыі артыкула прадугледжваюць штраф або пазбаўленне права займаць пэўныя пасады.

Фелікс Галюк / mazyr.by

КДК таксама даў справаздачу заяўнікам, што Гомельскаму абласному выканаўчаму камітэту было прапанавана прыцягнуць да адказнасці вінаватых службовых асоб Мазырскага райвыканкама за падаванне недакладнага адказу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі