На месцы працуюць і археолагі / "Минскстрой"
У Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе ў Мінску пачаліся работы па рэканструкцыі гістарычнага млына і капліцы. Работы выконвае будаўнічае ўпраўленне №19 трэста №1, якое раней аднавіла гістарычную забудову XVIII–XIX стагоддзяў на вуліцы Чыжэўскіх, 17 і ў завулку Чыжэўскіх, 5 і 6, паведамляе ДПА "Мінскбуд".
На аб'екце млына пачато ўзмацненне фундаментаў: канструкцыі армуюцца і бетануюцца звонку і знутры, далей планіруецца гідраізаляцыя і зваротная засыпка, а таксама ўладкаванне буранабіўных свай ва ўнутраным контуры будынка.
На капліцы аголены фундаменты захаванага фрагмента і адкрыты фундаменты страчанай часткі будынка, выкананыя з бутавага каменю, іх таксама ўзмоцняць звонку і знутры.
На абодвух аб'ектах працуюць археолагі.
Згодна з праектам, будынак млына стане трохпавярховым з мансардным паверхам і аднапавярховай прыбудовай. Унутры размесцяць музейную экскурсійную зону, дэгустацыйную, абеденную і банкетную залі. Наведвальнікі змогуць убачыць працу млынавага механізма і працэс выпечкі беларускага каравая.
На тэрыторыі млына таксама плануецца размясціць летняе кафэ і сувенірны павільён. У рэчышчы сухога ручая, выкладзенага каменем, мяркуецца ўсталяваць рэзервуар з вадой і вадзянoe кола.
Пры падрыхтоўцы праектнай дакументацыі выкарыстоўваюцца гістарычныя выявы, на якіх захаваныя пабудовы адлюстраваны ў першапачатковым выглядзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут