У Літве таксама прапаноўваюць забараніць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь і Расію

09/09/2026 - 10:40

Аўтобусны вакзал  / LRT

Следам за Латвіяй забараніць аўтобусныя рэйсы ў Расію і Беларусь можа і Літва. Дэпутат-кансерватар Арвідас Анушаўскас заклікаў урад сваёй краіны далучыцца да суседняй балтыйскай краіны.

Паводле яго, агульнае рашэнне краін рэгіёну з'яўляецца пытаннем бяспекі і ўстойлівасці, а не бізнесу: "Калі мы не далучымся да агульнага рашэння разам з Латвіяй, то ператворымся ў своеасаблівы транзітны двор — усе маршруты з Латвіі проста перамесцяцца ў Літву".

Цяпер у Літве выдадзеныя 29 дзеючых дазволаў на рэгулярныя пасажырскія перавозкі ў Расію і Беларусь, а таксама транзіт праз Літву. З іх 17 — гэта маршруты з Вільні ў Мінск, Гродна, Гомель, Ліду і Ашмяны.

Кожны дзень аўтобусамі на літоўскім кірунку карыстаюцца прыкладна тры тысячы чалавек.

Перавозчыкі мяркуюць, што такая мера не стане крытычным ударам для галіны, хоць і закране тысячы пасажыраў. "Калі зачынялі мяжу, ніхто праз гэта не збанкрутаваў. Нічога катастрафічнага не адбудзецца, хоць будуць пабочныя наступствы", — пракаментаваў прэзідэнт Асацыяцыі пасажырскіх перавозчыкаў Літвы Гінтарас Накуціс у эфіры Радыё LRT.

У панядзелак Міністэрства зносінаў Латвіі паведаміла пра ўнесеныя ва ўрад праекты паправак да закона аб аўтамабільным транспарце. Згодна з імі з наступнага года будуць цалкам спыненыя пасажырскія аўтобусныя перавозкі ў Расію і Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі