У краінах Балтыі можа быць раскручана спіраль нянавісці — літоўскі прафесар

06/09/2026 - 13:25

Сцягі краін Балтыі / LRT

Літоўскі палітычны філосаф, прафесар кафедры філасофіі Універсітэта Вітаўта Вялікага Гінтаўтас Мажэйкіс не верыць, што Расія можа ўварвацца ў Латвію, але асцерагаецца, што Масква пачне раскручваць спіраль нацыянальнай нянавісці, як гэта зараз адбываецца ў Польшчы. Такую думку ён выказаў у эфіры Еўрарадыё.

Пры гэтым ён лічыць, што самы ўразлівы горад Латвіі — гэта Даўгаўпілс.

— Я быў і ў Даўгаўпілсе, і ў Нарве. Паводле майго параўнання, Даўгаўпілс знаходзіцца ў значна больш небяспечным становішчы.

Я размаўляў з многімі і латвійскімі даследчыкамі, і рускімі з Латвіі наконт Даўгаўпілса. Там сапраўды шмат праблем: сацыяльных праблем, ідэалагічных праблем. Там вельмі моцная пуцінская прапаганда і ўсё астатняе. Сапраўды, я б сказаў, што гэта найбольш уразлівая кропка ў краінах Балтыі, — кажа прафесар.

Ці будзе там агрэсія? Чакаць "зялёных чалавечкаў", як у Крыме? Мажэйкіс лічыць, што не варта іх там чакаць.

— Па-першае, не трэба лічыць Пуціна і Крэмль дурнямі. Яны таксама не будуць паўтараць адзін і той жа сцэнар — заўсёды вынаходзяць нешта новае, прыдумляюць нешта новае.

Другое — абвяшчэнне так званай Даўгаўпілскай народнай рэспублікі. Я не ўпэўнены, што гэта спрацуе. Калі б такія тэндэнцыі былі, Даўгаўпілская народная рэспубліка з'явілася б яшчэ ў 2014 годзе, на ўздыме ўсіх гэтых выдуманых "народных рэспублік". Паколькі гэтага не адбылося, значыць, няма такіх сацыяльных умоў, няма і неабходных крымінальных умоў, — упэўнены палітычны філосаф.

Але Гінтаўтас Мажэйкіс дапускае, што ў Даўгаўпілсе можа быць раскручана спіраль нянавісці. Як гэта можа выглядаць і чым пагражае краінам Балтыі і рэгіёну?

— Праблему я бачу ў тым, якая асабліва праявілася ў Польшчы: Масква, акрамя ўсяго іншага, хоча раскруціць спіраль нянавісці, нацыянальнай нянавісці.

Я пісаў пра гэта, і многія літоўскія гісторыкі таксама пісалі: гэта праблема літвінізму. Хто ёсць хто? Хто каго паважае, хто лепшы, хто горшы? Вось гэтая байка пра лепшых і горшых літоўцаў, уся гэтая міфалогія можа паслужыць інструментам раскручвання ўзаемнай нянавісці, — папярэджвае прафесар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі