У казіно гатэля "Пекін" прыйшлі сілавікі — "выламалі ўсе дзверы, разбілі камеры"

02/07/2024 - 06:22

У казіно, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Казіно "Опера", што знаходзіцца ў мінскім гатэлі "Пекін", часова не працуе. На мінулым тыдні там пабывалі сілавікі, прайшлі ператрусы. Аб гэтым піша "Люстэрка". Адзін з суразмоўцаў рэсурсу расказаў, што сілавікі "выламалі ўсе дзверы, разбілі камеры, а персанал на тыдзень пайшоў у адпачынак".

Цяпер на сайце гасцініцы "Пекін" з'явілася паведамленне, што паслуга "Казіно" "часова недаступная". Сам гатэль працягвае працу. Журналіст выдання патэлефанаваў у гатэль, яму прапанавалі забраніраваць нумар, але на ўдакладняючае пытанне растлумачылі, што казіно ў найбліжэйшыя дні не будзе працаваць "па тэхнічных прычынах". Калі яно адкрыецца, супрацоўніца не ведае.

Паводле інфармацыі іншай крыніцы "Люстэрка", у "Оперы" ў мінулы чацвер "прайшоў рэйд дзяржнаркакантролю, ніякай палітыкі там дакладна не было". Звычайна, паводле слоў крыніцы, у такіх рэйдах удзельнічаюць і прадстаўнікі іншых ведамстваў, напрыклад санстанцыі або ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама. "Дакладна не вядома, з якой прычыны гэта казіно да гэтага часу не працуе. Магчыма, у кагосьці з правяраючых узніклі прэтэнзіі. Зусім не абавязкова, што яны звязаны з наркотыкамі", — зазначыў суразмоўца медыя.

Гатэль "Пекін" / TUT.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі