У Іспанію ўцёк салдат з расійскай брыгады, якая знаходзілася ў Бучы

18/11/2022 - 06:34
Мікіта Чыбрын / theguardian.com

Палітычнага прытулку ў Іспаніі папрасіў былы вайсковец расійскай 64-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады, піша The Guardian. 27-гадовы Мікіта Чыбрын прыляцеў у Мадрыд і звярнуўся па прытулак.

Малады чалавек заяўляе, што быў у складзе брыгады ва Украіне больш за чатыры месяцы. У тым ліку, па яго словах, ён быў у Бучы. Вайскоўцаў брыгады, якія былі ў гэтым прыгарадзе Кіева, падазраюць у ваенных злачынствах.

Чыбрын заявіў журналістам, што сам ён зброю не ўжываў. Па словах хлопца, ён дэзерціраваў з падраздзялення ў чэрвені. Перад тым ён, нібыта, асудзіў вайну перад сваімі камандзірамі, за што яму пагражалі турмой. А ў выніку Чыбрына сталі выкарыстоўваць як грузчыка і прыбіральшчыка, а на баявыя заданні не пасылалі.

Малады чалавек кажа, што не бачыў расстрэлаў, але можа пацвердзіць рабаванні. Акрамя таго, у яго падраздзяленні расказвалі пра сексуальны гвалт і забойствы.

Вайсковец кажа, што з Украіны ўцёк, схаваўшыся ў грузавіку. Выбрацца з Расіі яму дапамагла праваабарончая сетка Gulagu.net.

The Guardian не змагла цалкам пацвердзіць гісторыю Чыбрына. Аднак ён паказаў фатаздымкі, якія пацвярджаюць яго перабыванне ва Украіне.

У Іспаніі Чыбрыну далі месца ў часовым прытулку для бежанцаў — на час, пакуль будзе разглядацца яго заявы аб прытулку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі