У іх загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі — Пачобут расказаў, як праходзіў мяжу ў РБ

17/09/2026 - 10:47

Анджэй Пачобут / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку

Экс-палітвязень Анджэй Пачобут у інтэрв'ю YouTube-праекту Kanał Zero падзяліўся падрабязнасцямі сваёй паездкі ў Беларусь і расказаў аб праверцы на мяжы.

Пры праходжанні пашпартнага кантролю, кажа Пачобут, "калі звесткі ўбілі ў базу, там загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія ў іх толькі ёсць".

Да Пачобута падышоў капітан памежнікаў, які папрасіў прайсці на гутарку і абавязкова ўзяць з сабой тэлефон. "З нагоды тэлефона я кажу: "Так, ён са мной, толькі ёсць адна праблема — ён заблакаваны, і я не ўмею яго разблакаваць", — згадвае Пачобут.

Экс-палітвязень кажа, што перш-наперш у яго спыталіся, калі ён плануе выехаць з Беларусі назад. "Я адказваю: "Ну, дзіўнае пытанне, таму што я толькі заязджаю, і наогул я прыехаў назусім", — смяецца Пачобут.

На мяжы актывіста дапытвалі трое — двое ў форме памежнай службы, а адзін — у цывільным. На думку Пачобута, трэці чалавек прадстаўляў нейкую спецслужбу — магчыма, КДБ. Размова працягвалася каля дзесяці хвілінаў, пасля чаго яму дазволілі праехаць у Беларусь.

Пачобута затрымалі ў сакавіку 2021 года. Суд над ім адбыўся ў лютым 2023-га, актывісту польскай меншасці прысудзілі восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 28 красавіка 2026 года ён быў вызвалены ў рамках вялікага абмену зняволенымі паміж спецслужбамі некалькі краін.

Пры вызваленні Пачобут настояў на ўмове, што яму дазволяць вярнуцца ў Беларусь. 8-15 верасня ён наведваў радзіму.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што вяртанне ў Беларусь для многіх застаецца небяспечным, таму браць прыклад з паездкі Пачобута не варта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі