У гульца кіеўскага "Дынама" Корзуна ўзніклі праблемы з выездам з Беларусі

10/06/2016 - 16:22

У паўабаронцы кіеўскага "Дынама" і нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі Мікіты Корзуна ўзніклі праблемы з выездам з Беларусі. У яго інстаграме з'явілася фота старонкі пашпарта з адзнакай "У выездзе адмоўлена". Корзун яго падпісаў наступным чынам: "Дзякуй БФФ за адпачынак". Але неўзабаве запіс выдаліў.

Высветлілася, што ў з'яўленні праблемы з выздам вінаватая не Беларуская федэрацыя футбола, а сам футбаліст. Корзун прызнаў, што памыліўся. Каментаваць сітуацыю Еўрарадыё Мікіта Корзун не захацеў (слухай аўдыё). Аднак, як нам стала вядома з неафіцыйных крыніц, у футбаліста ўзніклі праблемы з ваенкаматам, з-за чаго яму і абмежавалі выезд з нашай краіны. У выніку, давялося падключацца ўплывовым чыноўнікам, каб іх аператыўна вырашыць.

Корзуну 21 год, ён — ураджэнец Мінска. У 2011-2015 гадах футбаліст выступаў за мінскае "Дынама". У лютым 2016-га ён перайшоў у кіеўскае "Дынама", аднак згуляў толькі ў апошнім матчы чэмпіянату Украіны і зрабіў галявую перадачу.

Дарэчы, згадваецца гісторыя 1996 года, калі ў футбаліста мінскага "Дынама" і зборнай Беларусі Валянціна Белькевіча скончыўся кантракт з клубам. Адпускаць яго ў кіеўскае "Дынама" не хацелі, прапанавалі падпісаць новы кантракт, інакш пагражалі прызывам у войска. У футбаліста забралі пашпарт. Усё скончылася тым, што Бялькевіча вывез ва Украіну супрацоўнік украінскай амбасады на аўтамабілі з дыпламатычнымі нумарамі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі