"У гімназіі такі бліскучы ламінат. Такі можа быць толькі ў моцных кіраўнікоў"

19/08/2016 - 15:19

18 жніўня ў СМІ з'яўляецца інфармацыя пра гучнае затрыманне дырэктара сталічнай беларускамоўнай гімназіі №4 Юрыя Бандарэнкі. Маўляў, ён трапіўся на 500 "мечаных" доларах, а затрымліваў дырэктара КДБ. У сацсетках тут жа нараджаюцца версіі затрымання (афіцыйнай пакуль няма).

 

"Адзінае, чаго я дамогся ў апошні год, Бандарэнка выдаў загад усім настаўнікам у межах школы карыстацца беларускай мовай. А так, ён нармальна выконваў функцыю дырэктара, — дзеліцца меркаваннем пра гімназію скульптар Генік Лойка, яго дзеці там вучацца. — Паборы, каб бацькі давалі грошы на ламінаты, — гэта звычайная справа, школа наша проста блішчыць. Цяпер на такім бліскучым ламінаце як раз было б добра развіваць беларускую мову і паказаць усім астатнім школам, што беларуская мова жыве ў беларускамоўнай гімназіі. На жаль, беларускую мову тут не развіваюць, а такіх бліскучых ламінатаў іншыя дырэктары не могуць дабіцца. Наш дырэктар змог, таму што моцны чалавек, валявы і харызматычны, хоць мне і не падабаўся".


Скульптар перакананы, што пасаду наступніка кіраўніка школы зойме завуч, а сітуацыя з мовай не палепшыцца.

Сказаць нешта кепскае пра Бандарэнку не можа і філосаф Валер Булгакаў. Галоўнай праблемай установы, мяркуе Булгакаў (у гімназііі вучацца яго дачка і сын), з'яўляецца цякучка кадраў. Хаця, гэта наўрад ці звязана з асобай дырэктара, кажа філосаф. Тут справа ў нізкіх заробках. Што тычыцца "пабораў", Булгакаў іх наяўнасць не адмаўляе:

"Нейкія адлічэнні ішлі. На бацькоўскіх сходах пастаянна ставілася пытанне пра збор грошай на нейкія мэтавыя патрэбы. Але ні я, ні мая жонка ніколі гэтаму дырэктару ніякія грошы не прапаноўвалі, і ён ніколі да нас не звяртаўся з прапановамі такога характару".

Сын юрыста Дар'і Каткоўскай летась скончыў тры класы гімназіі №4. Дар'я распавядае, што без праблем уладкавала дзіця ў гімназію, хоць чытала ў інтэрнэце аповеды ад ананімаў пра карупцыю. Дарэчы, за паўгадзіны да "захопу", Дар'я бачылася з Бандарэнкам: яна прыйшла забіраць дакументы дзіцяці ў сувязі з пераездам. Па яе словах, у школе было многа бацькоў, настаўнікаў і дзяцей, усё выглядала абсалютна звычайна і нічога не прадказвала нейкіх зменаў.


Спраўдзіць інфармацыю пра затрыманне дырэктара ў Еўрарадыё пакуль не атрымліваецца: тэлефоны прэс-службы КДБ не адказваюць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі