У Дзятлаўскім раёне, каб зберагчы будынак былога ФАПа, адкрылі "Хату брыгадзіра"

12/09/2024 - 18:35

Музейныя экспанаты / diatlovonews.by

У вёсцы Малдавічы Дзятлаўскага раёна адкрылася выставачная экспазіцыя "Хата брыгадзіра", якую ў будучыні хочуць зрабіць музеем. Па словах загадчыка сектара культуры райвыканкама Васіля Шыцько, "у Малдавічах закрылі ФАП, і каб будынак, у якім ён знаходзіўся, зберагчы ў добрым стане як мага далей, старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі прапанавалі адкрыць тут выставу пра савецкае мінулае". Чаму пра савецкае мінулае? Бо гэта "адзін з самых насычаных на падзеі час, усё старэйшае пакаленне ўзгадвае яго з пазітыўнай настальгіяй", кажа чыноўнік. А яшчэ хочуць "паказаць маладому пакаленню савецкую эпоху, каб яны змаглі параўнаць сваё сённяшняе жыццё з тым, як раней жылі людзі" і "зрабілі для сябе нейкія высновы".

Укладаць шмат сродкаў не спатрэбілася, бо, як піша раённая газета, зрабілі толькі "бягучы рамонт" будынка. Экспанаты (дакументы, іконы, мэблю, адзенне і абутак, вышываныя ручнікі, кухонныя рэчы, фотаздымкі, дываны і нават цацкі) сабраў аддзел адукацыі, тэрыторыю добраўпарадкавалі работнікі Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

У Малдавічы хочуць "пракласці турыстычны маршрут".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі