У Брэсце адкрылася фотавыстава пра "горад, які губляе свае рысы" (фота)

02/04/2016 - 16:40

У Брэсце адкрылася фотавыстава пра "горад, які губляе свае рысы". Выстава "Брэст на скрыжаванні культур" праходзіць у Мастацкім музеі. Яна арганізавана пры садзеянні Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея і Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце.

Экспазіцыя ўключае 40 фотапрацаў брэстаўчаніна Алега Малейкі. Яны паказваюць архітэктуру і інфраструктурныя элементы горада, якія з'явіліся да 1939 года, калі Брэст яшчэ знаходзіўся ў складзе польскай дзяржавы.

Па словах Малейкі, першыя працы з гэтай выставы ён зрабіў 10 гадоў таму. Некаторыя з будынкаў, што можна пабачыць на фота, да нашых дзён ужо не захаваліся. Напрыклад, на выставе можна знайсці калонію Варбургаў. Сёння гэты ўнікальны для Беларусі архітэктурны ансамбль амаль знік з карты горада — захаваўся толькі адзін драўляны дом.

Алег Малейка распавядае, што сваёй выставай ён хоча не толькі захаваць у памяці людзей сляды старога горада, але і прыцягнуць увагу да праблемы рэстаўрацыі ў Брэсце.

Малейка: "Я хацеў звярнуць увагу на захаванне гісторыка-культурнай
каштоўнасці — нашых будынкаў горада Брэста, які, на жаль, губляе свае рысы. Брэст цалкам змяняецца! Я не разумею, чаму нельга захаваць будынак, а абавязкова трэба яго знесці, каб на яго месцы пабудаваць новабуд, які не мае аніякай гістарычнай каштоўнасці. У дзяцінстве я памятаю гэтыя двары, гэтыя дамы, якія мелі нейкі шарм. Зараз мы гэта ўсё амаль што згубілі".

Выстава будзе працаваць да 18 красавіка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі