У беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый за мяжой "завісла" больш за $500 млн

05/09/2017 - 15:47

Пратэрмінаваная знешняя запазычанасць замежных партнёраў перад беларускімі прадпрыемствамі складае на сёння больш за 500 млн долараў. Такую суму назваў журналістам генеральны пракурор Аляксандр Канюк.

"Мы спрабуем шукаць грошы, праводзім мадэрнізацыю вытворчасцяў (...), а на сёння больш за 0,5 млрд долараў грошай "завісла". І, на жаль, не ўсе гэтыя грошы мы зможам дастаць. Таму што дзесьці ашуканскія структуры былі задзейнічаныя, калі наша прадпрыемства заганяе прадукцыю, скажам, у нейкае расійскае прадстаўніцтва або фірму, а тая банкрутуе. І ўсё, ужо цяжка будзе што-небудзь вярнуць пасля такіх дзеянняў", — цытуе БЕЛТА словы генпракурора.

Ён паведаміў, што гэтыя праблемы абмяркоўваліся 5 верасня на нарадзе ў кіраўніка Беларусі. Канюк падкрэсліў, што ўтварэнне знешняй дэбіторскай запазычанасці знаходзіцца ў кампетэнцыі кіраўнікоў тавараправодных сетак і залежыць ад іх добрасумленнасці. "Некаторыя пытанні мы вырашаем шляхам пракурорскага рэагавання. Так, нядаўна распачатая крымінальная справа ў дачыненні да аднаго з суб'ектаў тавараправодных сетак "Белшыны" ў Грузіі. Пачатая крымінальная справа ў дачыненні да суб'ектаў тавараправодных сетак расійскіх, у тым ліку звязаных з пастаўкай малочнай і мясной прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў", — прывёў прыклады генпракурор.

Ён лічыць, што гэтая з'ява залежыць ад "крымінальнай заангажаванасці". Некаторыя беларускія прадпрыемствы, кажа Канюк, упарта накіроўваюць у адну і тую ж кропку прадукцыю без аплаты. Ён лічыць, што такія дзеянні тлумачацца асабістай зацікаўленасцю. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі