У Беларусі выяўлены брытанскі штам каранавіруса

11/03/2021 - 08:32
Новы для Беларусі штам выявілі ў тых, хто прыбыў з-за мяжы​ / Reuters

У Беларусі выяўлены брытанскі штам COVID-19, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Першымі выяўленымі носьбітамі сталі грамадзяне, якія прыбылі з-за мяжы — Польшчы, Украіны і Егіпта. Крыху пазней новы штам быў знойдзены ў станоўчых тэстах у асоб, якія нікуды не выязджалі.

У Міністэрстве аховы здароўя нагадалі, што пандэмія COVID-19 працягваецца і развіваецца ў тым ліку і таму, што муціруе ўзбуджальнік.

"Гэты феномен добра вядомы для РНК-геномных вірусаў (напрыклад, грып, ВІЧ) і дазваляе ўзбуджальнікам падтрымліваць і развіваць папуляцыю за кошт больш эфектыўнай адаптацыі да адчувальных клетак", — адзначылі ў ведамстве.

Каб мінімізаваць наступствы гэтай з'явы, трэба "весці пастаянны малекулярна-эпідэміялагічны маніторынг змяненняў геному ўзбуджальніка", выконваць фізічнае дыстанцыяванне і вакцынавацца.

Нагадаем, брытанскі штам быў выяўлены ў лістападзе 2020 года. Паводле ацэнак навукоўцаў, ён больш заразны. У цяперашні час выпадкі выяўлення гэтага штаму зафіксаваныя ў больш чым 100 краінах свету.

Масавая вакцынацыя супраць каранавіруса ў Беларусі можа пачацца толькі ў красавіку — пасля таго як "Белмедпрэпараты" асвояць прамысловы выпуск расійскай вакцыны "Спадарожнік V". У цяперашні час у нашай краіне прывазной расійскай вакцынай прышчапляюць медыкаў і педагогаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі