У Беларусі ўвялі адзіныя правілы абмену валюты для ўсіх банкаў

06/07/2023 - 11:11
Здаць долары ў Беларусі стане прасцей / Еўрарадыё

Многія беларускія банкі з 1 ліпеня пачалі прымаць валюту па новых правілах. У нашай краіне прынялі адзіны пералік прыкмет плацежнасці банкнот у замежнай валюце. Да адпаведнага пагаднення далучыліся 17 банкаў і 3 НКФА, паведамляе Асацыяцыя беларускіх банкаў.

Раней кожны банк сам вызначаў, якія купюры ён прымае. Гэтыя патрабаванні грунтаваліся на патрабаваннях Нацбанка, замежных банкаў-партнёраў або банкаў-пасярэднікаў, з якімі заключаліся дамовы на вываз банкнот, піша Оnliner.

Пасля ўвядзення санкцый з Беларусі стала больш складана вывозіць старыя купюры і завозіць новыя. У абарачэнні з'явілася шмат банкнот з дэфектамі, якія банкі паводле старых правілаў прымаць не маглі.

Цяпер можна будзе здаць купюры, якія раней у абменніках не прымалі.

Напрыклад, раней банкі адхілялі купюры, на якіх стаялі два штампікі, прычым адзін быў на вадзяным знаку. Цяпер жа дапускаецца "не больш за тры візуальна бачныя малюнкі/надпісы, якія складаюцца з літар, лічбаў, знакаў, сімвалаў, малюнкаў, штампаў, памер кожнага з якіх не перавышае памер квадрата бокам 10 мм, або адзін малюнак/надпіс, памер якога не перавышае квадрат бокам 20 мм".

Прымуць у абменніках і купюры з надрывамі. Дапускаецца да пяці надрываў даўжынёй не больш за 3 мм альбо адзін надрыў даўжынёй не больш за 5 мм, у тым ліку залепленыя празрыстай ліпкай стужкай. Таксама прымуць і банкноты з праколамі (да трох праколаў), калі іх дыяметр не больш за 1 мм кожны.

Паводле новыых правілаў удасца здаць і банкноту са свячэннем пры ультрафіялетавым святле, калі "структура паперы не парушаная, не рассыпаецца, не крышыцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі