У Беларусі ствараюць сістэму, якая будзе адсочваць парушэнні інтэрнэт-трафіку

16/03/2016 - 13:11

Указ прэзідэнта ад 15 сакавіка 2016 года № 98 “Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі” стварае сістэму, якая будзе кантраляваць пропуск трафіку на сетках электрасувязі Беларусі.

Дакумент забараняе карыстальнікам сетак электрасувязі агульнага карыстання выкарыстоўваць праграмныя і тэхнічныя сродкі для пераўтварэння пратакола абмену дадзенымі, па якіх перадаюцца галасавыя і іншыя паведамленні электрасувязі ад абанента і перадачу гэтых паведамленняў іншаму абаненту з выкарыстаннем нумароў, якія не належаць гэтаму абаненту, гаворыцца на партале pravo.by.

Нацыянальны цэнтр электрасувязі абавязалі увесці ў эксплуатацыю праграмна-тэхнічны комплекс, які будзе кантраляваць пропуск трафіку, выяўляць і спыняць парушэнні парадку прапускання трафіку.

Аператары электрасувязі абавязаныя забяспечыць інтэграцыю з комплексам НЦОТ і пры выяўленні парушэнняў аўтаматычна перадаваць інфармацыю пра абанента, які парушае парадак прапускання трафіку, і аказаных яму паслугах.

Таксама аператар пасля выяўлення парушэнняў абавязаны прыпыніць аказанне паслуг электрасувязі, блакаваць пропуск трафіку тэлефаніі па IP-пратаколе. У такім выпадку аператар не нясе адказнасць за страты, панесеныя абанентам праз блакіроўку.

Збор дадзеных пра фізасоб вядзецца без іх пісьмовай згоды.

На першы погляд гаворка ва ўказе ідзе толькі пра IP-тэлефанію і барацьбу супраць GSM-фрода. Але ў НЦОТ Еўрарадыё ўдакладнілі, што ўказ закране усе віды трафіку. Тлумачыць указ можа Аператыўна-аналітычны цэнтр, але там адмовіліся ад вусных каментарыяў і паведамілі, што праз некалькі дзён тлумачэнні з'явяцца на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

Пакуль невядома, якія віды трафіку будзе кантраляваць тэхнічны комплекс і ці закране гэта толькі IP-тэлефанію або таксама мэсэнджары і іншы трафік, які дазваляе абыходзіць блакіроўкі сайтаў, напрыклад, VPN.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі