У Беларусі расце колькасць масавых кантактаў з жывёламі, хворымі на шаленства

24/09/2024 - 12:52

Шаленства, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У першай палове 2024 года па антырабічную дапамогу ў Беларусі звярнулася 166 чалавек, якія кантактавалі з хворымі на шаленства жывёламі. Такую лічбу на прэс-канферэнцыі 24 верасня назвала супрацоўніца Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анастасія Ляшкевіч.

"Мы заклапочаныя ростам выпадкаў масавага кантакту з хворымі на шаленства жывёламі, калі пакутуе пяць і больш чалавек", — перадае "Позірк" яе словы.

Ляшкевіч падкрэсліла, што пры ўкусе ці драпіне ад жывёлы, рану неабходна прамыць вадой з мылам, апрацаваць антысептыкам і неадкладна звярнуцца да медыкаў, каб прызначылі курс прышчэпак. За жывёлай, якая нанесла пашкоджанне, варта назіраць на працягу 10 дзён з моманту кантакту. Ад яе паводзінаў залежыць працягласць курсу лячэння пацярпелага.

У першай палове года зарэгістраваныя два выпадкі масавых кантактаў людзей з хворымі на шаленства жывёламі. У адным выпадку гэта бяздомны сабака са шчанюкамі, які жыў у дачным пасёлку. У другім выпадку некалькі чалавек кантактавалі з хворым на шаленства хатнім шчанюком хаскі, якому своечасова не зрабілі прышчэпку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі