У Беларусі пакуль не пачалі справу на Данкверта, збіраюцца доказы

07/02/2017 - 14:18

У Беларусі пакуль не пачалі крымінальную справу на кіраўніка "Рассельгаснагляду" Сяргея Данкверта. 7 лютага на сайце МУС Беларусі з'явілася паведамленне, што падраздзяленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі праводзяць даследчыя праверкі па дзеяннях, якія ўтрымліваюць прыкметы злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 249 КК РБ ("Дыскрыдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта"). Праводзяцца праверкі, збіраюцца дадзеныя пра страты беларускіх прадпрыемстваў ад дзейнасці "асобных службовых асоб" з "Рассельгаснагляду", якія неабгрунтавана абмяжоўвалі пастаўкі беларускай прадукцыі ў Расію і распаўсюджвалі інфармацыю, якая дыскрытытавала беларускіх вытворцаў. Сабраныя доказы будуць перададзеныя ў Следчы камітэт для дачы прававой ацэнкі.

Як паведамляла Еўрарадыё, даручэнне міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу пасадзіць у следчы ізалятар Данкверта 3 лютага падчас  "Вялікай размовы з прэзідэнтам" даў Аляксандр Лукашэнка (гл. відэа).

Лукашэнка: "Нам трэба вывучыць пытанне, Ігар Анатольевіч, і распачаць крымінальную справу па Данкверту, як раней па Керымаву і Баумгертнеру, па-дзяржаўнаму. Распачаць крымінальную справу і мы яго дастанем. Калі ён у вас пабудзе ў следчым ізалятары, тады ён будзе даваць сабе справаздачу, што ён вырабляе".

Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Сяргея Данкверта ў падрыве пазіцый беларускіх вытворцаў дзеля ўласных бізнэс-інтарэсаў. "Рассельгаснагляд" рэгулярна ўводзіць абмежаванні на пастаўкі беларускіх прадуктаў у Расію, з-за чаго наша дзяржава атрымала значныя страты. Лукашэнка лічыць, што адбываецца несумленная канкурэнтная барацьба (Данкверт, нібыта, лабіруе нейкіх расійскіх вытворцаў).

У той жа дзень "Рассельгаснагляд" заявіў, што не перажывае з-за даручэння Лукашэнкі пачаць крымінальную справу на Данкверта: "Мы спакойна ставімся да гэтай сітуацыі". Сам Сяргей Данкверт заявіў, што галоўнай мэтай такіх заяў кіраўніка Беларусі з’яўляецца “маральны ціск”. А 6 лютага стала вядома, што Расія абмяжуе пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Мінскай вобласці. У аўторак Лукашэнка абурыўся гэтым рашэннем.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі