Ад педафілаў пакутуе ўсё больш беларускіх дзяцей, пакуль улады шукаюць людзей з маршаў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У 2022 годзе ад педафілаў у Беларусі пацярпелі 922 дзіцяці. Паводле звестак пракуратуры, колькасць такіх дзяцей павялічылася на чвэрць. На справе сітуацыя яшчэ горшая, бо ў Беларусі проста няма каму шукаць педафілаў. А статыстыка Генпракуратуры моцна скажоная, кажа прадстаўнік BYPOL Мацвей Купрэйчык.
Еўрарадыё пагутарыла з былым супрацоўнікам міліцыі і даведалася, адкуль такія лічбы, як у Беларусі шукаюць педафілаў і як "палітычныя" справы перашкаджаюць вырашаць і без таго вельмі праблемныя пытанні.
Часта на аднаго педафіла распачынаюць шмат крымінальных спраў, таму шта на розныя дзеянні ёсць асобныя склады злачынства. Праз гэта пацярпелых стала больш, але неабавязкова міліцыя ў 2022 годзе знайшла больш злачынцаў, падкрэслівае Купрэйчык.
— Калі чалавек меў стасункі з дзіцем і прапаноўваў яму фатаграфіі нейкія рабіць — гэта выраб дзіцячай парнаграфіі. Калі ён сустракаўся з дзіцем і мог да яго дакрануцца — гэта асобны склад злачынства. Калі ўступіў у палавую сувязь — яшчэ адзін склад.
Сваё меркаванне суразмоўца аргументуе тым, што на барацьбу з педафіліяй вылучаюць вельмі мала супрацоўнікаў. І тыя, як правіла, займаюцца не сваёй справай.
У Беларусі няма асобнага падраздзялення, якое б працавала з падобнымі злачынствамі. За гэта адказвае наркакантроль. Напрыклад, Мацвей Купрэйчык працаваў ва ўпраўленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама. Аддзел па супрацьдзеянні гандлю людзьмі сярод іншага займаецца раскрыццём злачынстваў у сферы педафіліі, распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі, звычайнай парнаграфіі.
— Гэтае падраздзяленне зусім нешматлікае. У ГУУС Мінгарвыканкама быў аддзел усяго толькі з шасці чалавек на цэлы горад Мінск. Яшчэ ў раённых падраздзяленнях па Мінску выдзялялася па адным супрацоўніку са складу наркакантролю.
Але ж ахапіць трэба вельмі вялікі пласт аб'ектаў: дзіцячыя дамы, школы, дзіцячыя сады, нейкія ўстановы аховы здароўя. Атрымліваецца, што праблема на сур'ёзным узроўні не вырашаецца.
Задача супрацоўнікаў міліцыі не толькі разбірацца з ужо ўчыненымі злачынствамі, але і прадухіляць іх. Напрыклад, выяўляць педафілаў у Інтэрнэце. Бо часта яны знаходзяць ахвяр у сацсетках. Якраз гэтым займаўся прадстаўнік BYPOL. Праўда, у ГУУС Мінгарвыканкама толькі ён працаваў па гэтым кірунку. У абласных упраўленнях таксама па адным такім супрацоўніку, а ў раённых падраздзяленнях іх наогул няма, падкрэслівае суразмоўца.
Яшчэ да 2020 года асноўная ўвага надавалася наркакантролю. А з 2020 года тыя, хто павінныя былі маніторыць сацсеткі ў пошуках педафілаў, шукаюць там нязгодных з уладай, працягвае суразмоўца.
— Працаваць з гэтым [выяўленнем педафілаў. — Еўрарадыё] вельмі складана, бо ты не можаш паглядзець перапіску падазронай старонкі. Прынамсі, раней так нельга было зрабіць з тым жа "Укантакце". Таму ствараліся фэйкавыя старонкі і развіваліся на працягу некалькіх гадоў, каб пазней педафілы пачыналі на яе самі пісаць. Гэта вельмі вялікі пласт працы, якім трэба займацца 24/7.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут