Барысаўскі БАТЭ панёс першую паразу ў чэмпіянаце Беларусі па футболе: 2 чэрвеня ў рамках 10 тура клуб згуляў на выездзе з “Гарадзеяй” і саступіў — 1:2. Госці даволі хутка адкрылі лік на 11-й хвіліне і вялі 1:0 да пачатку другога тайма, пакуль на 53-й хвіліне гаспадары не зраўнялі лік. А потым, у кампенсаваны час “Гарадзея” забіла яшчэ адзін гол і аформіла першую перамогу ў сёлетнім чэмпіянаце.
БАТЭ застаецца на першым месцы ў турнірнай табліцы, а “Гарадзея” займае апошні, 16-ы радок.
Таксама 2 чэрвеня згулялі “Гомель” і “Прамень” — 1:0, “Дняпро” — “Віцебск” — 0:1, “Тарпеда” — “Дынама” (Брэст) — 1:1. Раней, 1 чэрвеня гулялі “Нёман” і “Шахцёр” — 0:1, “Дынама” (Мінск) — “Мінск” — 1:0.
Сёння, 3 чэрвеня тур скончыцца матчамі “Іслач” — “Смалявічы”, “Тарпеда-БелАЗ” — “Слуцк”.