"Паркавацца няма дзе, а цяпер яшчэ і нельга": гамяльчане спрачаюцца пра знакі каля рынку

02/09/2026 - 12:39

Цэнтральны рынак у Гомелі / Калаж Еўрарадыё

Вакол Цэнтральнага рынку ў Гомелі з'явіліся дарожныя знакі, якія забараняюць паркоўку па панядзелках. Гэта адбылося на фоне планаў уладаў змяніць арганізацыю руху і паркоўкі ў раёне рынку. З боку вуліцы Карповіча ўжо зрабілі дзве паласы руху — раней адна з іх фактычна выкарыстоўвалася для паркоўкі ўздоўж бардзюра. Аднак новыя абмежаванні выклікалі ў гараджан нямала пытанняў.

У сацсетках гамяльчане спрачаюцца, каму ў першую чаргу перашкаджаюць прыпаркаваныя машыны. Адны ўпэўненыя, што значную частку месцаў займаюць самі работнікі рынку.

"Праблема ў тым, што большую частку стаянкі займаюць самі работнікі рынку, асабліва на Катунина, дзе гандлююць гароднінай. Машыны ставяць на 2–3 месцы", — напісаў адзін з карыстальнікаў Threads.

Іншыя лічаць, што забарона, наадварот, ударыць па тых, хто прыязджае за пакупкамі або жыве побач.

"У дзень, калі там няма праблем з паркоўкай, паркоўку ўзялі і забаранілі. Гэта ж геніяльна", — іранізуе іншы каментатар.

Ёсць у новай схеме і прыхільнікі.

Напрыклад, некаторыя карыстальнікі Threads лічаць, што вызваленне тэрыторыі дазволіць прыбраць машыны, якія стаяць там пастаянна, а таксама спросціць уборку вуліц.

"Не будзе зімуючых машын, з-за якіх немагчыма чысціць снег. Нармальнае рашэнне", — адзначыў адзін з удзельнікаў абмеркавання.

У якасці альтэрнатывы прапануюць пабудаваць шматузроўневы або падземны паркінг побач з рынкам. Пры гэтым частка аўтамабілістаў скардзіцца, што свабодных месцаў у раёне і без таго мала:

"У горадзе і так паркавацца няма дзе. Тут стаяць нельга, туды ехаць нельга. А дзе ўвогуле стаяць можна?"

Асобнае пытанне — куды дзявацца жыхарам бліжэйшых дамоў.

Адна з карыстальніц Threads расказала, што тэлефанавала ў ДАІ, каб даведацца, дзе цяпер паркавацца людзям, якія жывуць каля рынку. Паводле яе слоў, там адказалі, што гэта іх праблема і ім трэба шукаць іншае месца.

У выніку абмеркаванне звялося да аднаго пытання: новыя знакі сапраўды павінны разгрузіць тэрыторыю рынку ці проста перанясуць праблему на суседнія вуліцы?

Пакуль адны радуюцца таму, што машыны гандляроў і "зімуючыя" аўтамабілі могуць нарэшце вызваліць парковачныя месцы, іншыя не разумеюць, дзе пакідаць машыну пакупнікам і мясцовым жыхарам.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі