У Баранавічах улады не дазволілі мітынг супраць зніжэння ўзроўню жыцця

03/03/2016 - 12:20

Баранавіцкі гарвыканкам не дазволіў правесці рэспубліканскі мітынг супраць зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Заяўку на яго падаваў індывідуальны прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус.

Мітынг планавалася правесці 7 сакавіка на плошчы Леніна. Мэтай акцыі Чарнавус вызначыў пратэст супраць "развалу эканомікі краіны, збяднення насельніцтва, змяншэння заробкаў, а таксама супраць указа прэзідэнта №222, з-за якога прадпрымальнікі страцілі працу". Меркавалася, што ў акцыі прымуць удзел да тысячы чалавек.

У каментары БелаПАН Чарнавус паведаміў, што адмова ў мітынгу тлумачыцца тым, што закон "Аб масавых мерапрыемствах" забараняе праводзіць такія мерапрыемствы бліжэй за 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў.

Таксама чыноўнікі паведамілі, што помнік Леніну ў Баранавічах унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. А мясцовы гарвыканкам забараніў праводзіць масавыя мерапрыемствы на адлегласці менш за 50 метраў ад помнікаў архітэктуры, гісторыі, культуры.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі