У Бабруйску сямігадовая дзяўчынка атрымала пашкоджанні, выпаўшы з балкона 4-га паверху. Пра гэта паведамляе афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк.
Па папярэдніх звестках дзяўчынка знаходзілася дома адна. Яна падставіла крэсла і саскочыла з балкону. Са шматлікімі траўмамі яе шпіталізавалі. Дакладныя акалічнасці інцыдэнту высвятляюць следчыя.
Гэта не першы выпадак падзення дзяцей з вокнаў у Беларусі.
У Следчым камітэце раней канстатавалі, што большасць (90%) такіх здарэнняў выкліканыя няўважлівасцю бацькоў, якія пакідаюць дзяцей адных. Толькі сёлета гэта прывяло да гібелі 5 дзяцей, паведамляе БЕЛТА.