У аўташколах экзамены будуць здаваць толькі з відэарэгістратарамі

16/05/2016 - 04:43

У аўташколах Беларусі ўнутраныя практычныя экзамены будуць здаваць толькі з відэарэгістратарамі ў машынах. 14 траўня набылі моц адпаведныя змены ў Правілы дарожнага руху. Усе вучэбныя аўтамабілі ў аўташколах павінны абсталяваць відэарэгістратарамі. Робіцца гэта для відэа- і аўдыёфіксацыі працэсу здачы экзамена. Пра гэта БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Міністэрства транспарту і камунікацый Кацярына Грыб. Паводле яе слоў, новаўвядзенне дапаможа разбірацца з спрэчнымі момантамі, канфліктнымі сітуацыямі, якія ўзнікаюць падчас здачы практычных экзаменаў у аўташколах.

Адзначаецца, што відэарэгістратары будуць сачыць як за дарогай, так і за тым, што адбываецца ў салоне аўтамабіля. Пры гэтым для здымкі спатрэбіцца пісьмовая згода экзаменаванага. Мяркуецца, што запісы можна будзе выкарыстоўваць і ў навучанні.

Адначасова відэарэгістратары не з'явяцца ва ўсіх вучэбных аўтамабілях. З-за "складанай эканамічнай сітуацыі" было вырашана правесці іх устаноўку паэтапна.

Правілы дарожнага руху Беларусі былі зацверджаны ўказам кіраўніка дзяржавы № 551 у лістападзе 2005 года. Змены і дапаўненні ў іх унёс указ № 349 ад 10 жніўня 2015-га. Што да парадку выкарыстання і захоўвання інфармацыі, атрыманай з дапамогай відэарэгістратараў падчас практычных экзаменаў, дык Міністэрства транспарту і камунікацый у лістападзе мінулага года зацвердзіла спецыяльную інструкцыю на гэты конт.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі