"Тытунёвы кароль" Алексін разлічваўся з Лукашэнкам дарагімі машынамі

30/11/2021 - 08:46
Аляксандр Лукашэнка за рулём ГАЗ-96, на пасажырскім сядзенні — Уладзімір Пуцін / РІА "Новости"​

Бізнесовец Аляксей Алексін разлічваўся з Аляксандрам Лукашэнкам за "асаблівыя ўмовы" працы на беларускім рынку дарагімі аўтамабілямі, сцвярджаюць аўтары расследавання. Тэкст апублікаваны міжнародным Цэнтрам па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP).

Да нядаўняга часу беларуская тытунёвая прамысловасць амаль цалкам кантралявалася дзяржавай, нагадваюць следчыя. Аднак тры гады таму, у жніўні 2018-га, Алексін і яго кампанія "Энерга-Ойл" атрымалі эксклюзіўныя правы на ўсе цыгарэты, вырабленыя на гродзенскай тытунёвай фабрыцы "Нёман". Акрамя таго, з часам "Энерга-Ойл "атрымала рэдкую ліцэнзію на імпарт цыгарэт, а яшчэ права на сетку кіёскаў "Табакерка". 

А ў кастрычніку 2018-га Алексін перадаў службе бяспекі Лукашэнкі восем аўтамабіляў. Яшчэ адзін падарыў у лістападзе.

"Некаторыя з аўтамабіляў, падораных Алексіным, з'яўляюцца вельмі каштоўнымі або ўнікальнымі", — сцвярджаюць аўтары расследавання. Сярод падарункаў аказаліся ў тым ліку два Maybach 62S (кожны каштуе 500 тысяч долараў) і некалькі рарытэтных аўто, у тым ліку Chevrolet Impala 1958 года выпуску (кошт — каля 113 000 долараў) і ГАЗ-96 зборкі 1967 года.

На падобным аўтамабілі Лукашэнка катаў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па роднай Александрыі ў тым жа кастрычніку 2018-га года.

У Літве падазраюць, што Алексін можа быць датычны да кантрабанды цыгарэт з Беларусі. Сам ён гэта адмаўляе. "Гэта толькі чуткі, і хтосьці распаўсюджвае іх", — сказаў ён OCCRP у кароткім тэлефонным інтэрв'ю ў пачатку гэтага года.

Алексін трапіў пад санкцыі як адзін з магчымых "кашалькоў" рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, пасля чаго стаў пазбаўляцца шэрагу актываў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі