"Ты катоў знайшоў у маёй гравюры?": беларускія музыкі адкрылі выставу карцін

10/03/2017 - 11:43

У культурнай прасторы ЦЭХ у Мінску 9 сакавіка адкрылася незвычайная выстава: вядомыя беларускія музыкі прадставілі свае карціны! 


"Ведаеце, калі мы, прафесійныя мастакі, нясем свае працы на выставу, напрыклад, у Палац мастацтваў, мы адзін аднаго не любім, спаборнічаем. А тут музыкі прынеслі свае карціны, і абсалютна не спрабуюць ні з кім спаборнічаць. Гэта вельмі добра", ― дзеліцца ўражаннямі ад выставы мастак Алесь Пушкін.

Алесь Пушкін і Сяргей Скрыпнічэнка

Сярод музыкаў, якія вырашылі падзяліцца сваімі талентамі з публікай, ёсць мастакі па адукацыі: Лявон Вольскі, Андрусь Такінданг, Сяргей Скрыпнічэнка, Алесь Таболіч, Ігар Варашкевіч. Ёсць і аматары, якія нават грошы зарабляюць, прадаючы свае карціны. Напрыклад, Юрый Стыльскі з "Дай Дарогу!".


"Стыльскі ― вельмі прафесійны мастак, я вельмі здзівіўся. Тут прадстаўленыя добрыя працы. Жанчына ў амерыканскім стылі. Вобраз разбітага сэрца. Мне падабаецца", ― мяркуе Алесь Пушкін, з якім мы прагульваемся па выставе.

Пушкін знаёмы, бадай, з усімі музыкамі-аўтарамі, чые карціны да 19 сакавіка можна ўбачыць у ЦЭХу. Збольшага кажа, што яму падабаюцца "раннія" Вольскі і Варашкевіч, ён паважае мастакоў Такінданга і Таболіча.

Ігар Варашкевіч на фоне сваіх карцін

"Ты катоў знайшоў у маёй гравюры?" ― пытаецца ў Пушкіна Алег Хаменка, яўна задаволены ўсім, што адбываецца.

Сяргей Скрыпнічэнка і яго творы

Музыкі, апроч таго, што прадстаўляюць свае карціны, яшчэ і ладзяць невялікі канцэрт. Да Юры Стыльскага выстройваецца дзявочая чарга па аўтографы. А ў самім ЦЭХу аншлаг. Нават без Вольскага. Дарэчы, маэстра на днях збіраецца правесці экскурсію па выставе. Сачыце за нашымі навінамі.

 

Дэпутат Алена Анісім на выставе
Алесь Таболіч
Аляксандр Дземідзенка на фоне сваіх карцін
Андрусь Такінданг
Выступ Юрыя Стыльскага

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі