Tut.by: Фактычнае беспрацоўе ў Беларусі перавышае 200 тысяч чалавек

26/07/2018 - 16:18

Чацвёрты месяц запар беларускія арганізацыі больш звальняюць супрацоўнікаў, чым наймаюць новых, піша tut.by са спасылкай на звесткі Белстата пра колькасць прынятых і звольненых работнікаў. Паводле падліку журналістаў, фактычнае беспрацоўе ў краіне перавышае адзнаку ў 200 тысяч чалавек.

У чэрвені прадпрыемствы звольнілі амаль 60,6 тысячы чалавек, а прынялі на працу на 2,5 тысячы чалавек менш. У адукацыі звольнілі на 33,3% больш, чым прынялі, у фінансавай і страхавой дзейнасці — на 40,2%, у арганізацыях, якія займаюцца аперацыямі з нерухомай маёмасцю, — 8,1%, прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасцю — 5,3%.

Аднак ёсць і сферы, дзе прымаюць больш людзей, чым звальняюць. Напрыклад, у горназдабыўной прамысловасці прынялі на працу на 99,3% больш, чым звольнілі; на прадпрыемствах, якія займаюцца водазабеспячэннем, зборам, апрацоўкай і выдаленнем адкідаў, дзейнасцю па ліквідацыі забруджванняў, — на 55,6%, паслугамі па часовым пражыванні і харчаванні — 22,6%. У будаўніцтве прырост работнікаў склаў 1,6%.

У 2017 годзе ў Беларусі было звольнена 694,3 тысячы чалавек, а прынята на працу на 41,1 тысячы менш.

Фактычны ўзровень беспрацоўя ў другім квартале гэтага года склаў 4,7% ад колькасці працоўнай сілы (у першым квартале — 5,1%). Пра гэта, як піша tut.by, сведчаць звесткі Белстата, сабраныя паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы праз абследаванне хатніх гаспадарак. У чэрвені колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва склала 4 мільёны 328,1 тысячы чалавек. Адсюль вынікае, што колькасць беспрацоўных паводле крытэраў Міжнароднай арганізацыі працы склала каля 203 тысяч чалавек. (У першым квартале 2018 года гэты паказчык складаў 260,6 тысячы чалавек.)

Афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, паводле інфармацыі Белстата, напрыканцы чэрвеня было 17,8 тысячы чалавек. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі