Тры сцэнары для Вялікабрытаніі ў выпадку яе выхаду з Еўрасаюза

23/02/2016 - 14:57

23 чэрвеня ў Вялікабрытаніі пройдзе рэферэндум аб выхадзе каралеўства з Еўрапейскага саюза. Брытанская газета Financial Times у пачатку 2016 года праводзіла апытанне сярод больш чым ста эканамістаў. Тры чвэрці з іх выказалі меркаванне, што Brexit (скарачэнне ад словаў “Britain” і “exit” — выхад Вялікабрытаніі) будзе мець кепскія наступствы ў сярэднетэрміновай перспектыве. І толькі на думку 8% апытаных, краіна выйграе ад выхаду.

Аналітыкі выдання Financial Times спрагназавалі тры магчымыя сцэнары, якія чакаюць краіну ў выпадку выхаду з ЕС. Публікуем вытрымкі з артыкула газеты (пераклад — Еўрарадыё).

Выява: ft.com

Росквіт Брытаніі

Выхад праходзіць сістэматычна, паступова, краіна пазбягае ўзрушэнняў у кароткатэрміновай перспектыве, а ў сярэднетэрміновай жыхароў каралеўства чакае эканамічны росквіт.

Аналітыкі мяркуюць, што такі сцэнар магчымы пры захаванні чатырох умоў. Па-першае, зніжэнне цяжару абмежавальных законаў Еўрасаюза. Па-другое, для ўсталявання кантролю над сваімі межамі краіна мусіць увесці ўласную міграцыйную палітыку, якая адменіць прыярытэты для грамадзян ЕС. Таксама неабходная адмова ад выплаты 13 мільярдаў фунтаў сяброўскага ўнёску ў бюджэт ЕС. І самае галоўнае — прадухіленне зрыву гандлёвых сувязяў з ЕС, да якіх Вялікабрытанія прыладзілася за 40 гадоў. Краіна мусіць стварыць новыя гандлёвыя пагадненні з ЕС, ЗША, Індыяй, Кітаем, Японіяй і Аўстраліяй. Рабіць гэта трэба тэрмінова: у 2014 годзе больш за палову гандлёвага абароту Брытаніі прыпадала на ЕС, гандаль з яшчэ 60 краінамі вызначаецца дамовамі, падпісанымі з ЕС.

Разам з тым, некаторыя эканамісты ставяць пад сумнеў магчымасць такога сцэнару. “Спыненне вольнага перамяшчэння тавараў і людзей і разам з тым вызваленне ад знешніх тарыфаў ЕС — невыканальная мара”, — кажа прафесар Уорвікскага ўніверсітэта Нік Крафтс. Каб заставацца ў межах адзінага рынку, Брытаніі давядзецца прыняць правілы ЕС, уключаючы свабоднае перамяшчэнне людзей.

Сама газета рэзюмуе, што Брытанія наўрад ці зможа наладзіць гэткі ж шчыльны гандаль з трэцімі краінамі, які цяпер існуе з ЕС. Гэтак жа малаверагодна, што краіне ўдасца захаваць такі ж доступ да адзінага рынку Еўрасаюза, скараціўшы рэгуляцыю і трансфер грашовай масы.

Хваравіты пераход

Выхад з ЕС багаты на рызыкі і, магчыма, прынясе брытанскай эканоміцы цяжкі ўдар, але пасля стварэння новых эканамічных і палітычных сувязяў узровень жыцця па-за Еўрасаюзам вернецца да ранейшага.

На думку аналітыкаў, знаходжанне ў ЕС не з’яўляецца найважнейшым складнікам эканамічнага росквіту Брытаніі. Так, гандаль і эканамічныя сувязі з ЕС пацерпяць, але наўзамен палепшацца адносіны з іншымі краінамі. Астатнія асноўныя параметры эканамічнага росту — інвестыцыі, канкурэнцыя, высокакваліфікаваны персанал ды інавацыі — застануцца нязменнымі.

У той жа час выхад з ЕС увядзе брытанскую эканоміку ў перыяд нявызначанасці, які працягнецца да таго часу, пакуль не будуць створаныя новыя сувязі з Бруселем і з краінамі па-за Еўрасаюзам. Гэта створыць нестабільны перыяд нізкіх інвестыцый, які балюча ўдарыць па брытанскім фунце.

Існуе нямала эканамістаў, якія лічаць, што Вялікабрытанія без асаблівых праблем зможа існаваць і па-за ЕС, прыводзячы ў якасці прыкладу Нарвегію і Швейцарыю. Але яны прызнаюць, што для захавання глыбокіх і шырокіх гандлёвых сувязяў з саюзам давядзецца выконваць многія цяперашнія нормы Еўрасаюза.

Многія эканамісты лічаць, што Брытаніі не ўдасца абысціся праблемамі выключна пераходнага перыяду. Інвестыцыі рэзка скароцяцца, і разам з імі надоўга знізяцца і тэмпы эканамічнага росту. На рашэнне нават часовых праблем пойдуць гады.

Газета рэзюмуе, што гандаль застаецца найважнейшым элементам росквіту. Цяжкі пераходны перыяд паставіць пад пагрозу ўзровень жыцця брытанцаў.

Выява: ft.com

Катастрафічнае рашэнне

Шэраг аналітыкаў выказвае меркаванне, што пасля выхаду з ЕС брытанская эканоміка будзе перажываць цяжкі перыяд. Перамовы аб выхадзе пойдуць цяжка, адносіны з Еўропай будуць пагаршацца, перавагі адносінаў з трэцімі краінамі не будуць заўважнымі. Брытанская эканоміка пачне моцна адставаць ад эканомік краін ЕС.

Калі свабоднае перамяшчэнне людзей паміж Брытаніяй і ЕС моцна скароціцца — знізіцца доступ да еўрапейскага рынку тавараў і асабліва паслуг. Падпісаць выгадныя гандлёвыя адносіны з іншымі краінамі не стане лёгкай задачай, аб’ём інвестыцый будзе моцна скарачацца.

“Падумайце, з кім захоча падпісаць гандлёвую дамову ЗША, з Брытаніяй ці з Еўрасаюзам? Які рынак яны абяруць для сябе?” — задаецца пытаннем Рэбека Драйвер з кансультацыйнай кампаніі Analytically Driven.

Іншыя аналітыкі кажуць пра негатыўны эфект скарачэння міграцыйных плыняў на абмежаваны рэсурс кваліфікаванай рабочай сілы ў Брытаніі.

Эканаміст Citigroup Майкл Сондэрс кажа пра тры шокавыя наступствы для брытанскай эканомікі: скарачэнне экспарту праз горшы доступ да фінансавых паслуг ЕС; скарачэнне эканамічнага росту і ўзроўню спажывання праз зніжэнне прытоку мігрантаў; скарачэнне інвестыцый. Усё гэта моцна ўдарыць па дзяржаўным бюджэце, запатрабуе павышэння падаткаў, скарачэння дзяржаўных выдаткаў і больш высокіх выдаткаў на фінансаванне дэфіцыту.

Брытанскае выданне рэзюмуе, што з улікам відавочных эканамічных рызыкаў у кароткай і сярэднетэрміновай перспектыве Brexit не вытрымлівае аналізу “выдаткі-выгады”. У той жа час прыхільнікі ЕС не павінныя спяшацца з катэгарычнымі негатыўнымі прагнозамі, бо гандаль застаецца ўсяго толькі адным з рухавікоў росту і росквіту.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі