Таемная жарсць беларусаў: што чакае нашу "пратэстную вясну"

27/04/2017 - 17:24
Фота: Еўрарадыё

Мяркуючы па Чарнобыльскім шляху, "пратэстная вясна" ў Мінску скончыцца раней, чым адключаць ацяпленне ў кватэрах. 26 красавіка на вуліцы двухмільённага горада выйшла 500 чалавек. Пры ўсёй сімпатыі да пратэстоўцаў, пры ўсім захапленні мужнасцю тых, хто прайшоў гэты "шлях", — гэта правал.

Можна колькі заўгодна наракаць на дождж і холад. Але 25 сакавіка таксама было халодна, а на аб'ектывы камер часам падалі вялікія шматкі снегу. Але на вуліцах было ў 10 разоў больш людзей. Што адбылося за гэты месяц? Дзе ўсе гэтыя раззлаваныя беларусы, якія ішлі і ішлі па праспекце Незалежнасці, не баючыся аўтазакаў і міліцэйскіх дубінак.

Пратэст як прыгода

Для пачатку трэба разабрацца, адкуль наогул узяліся гэтыя тысячы адчайных дэманстрантаў.

Думаю, яны нікуды і не знікалі. Пратэст заўжды недзе ўнутры. У 2006, 2010, 2011 людзі збіраліся на масавыя акцыі імгненна і стыхійна. І гэта былі абсалютна розныя людзі, і падчас снежаньскага "жалезам па шкле", і на чэрвеньскіх "маўклівых апладысментах" у разгар валютнага крызісу.

На "маўклівай акцыі" ў 2011 годзе.

Беларусам толькі дай нагоду, а яны ўжо на плошчы. Ці то таму, што жыццё ў нас занадта спакойнае, і хочацца прыгодаў. Ці то на самой справе "надакучыў" — але пакуль яшчэ не жорстка, а так, у фоне. А можа, справа ў генетычнай схільнасці? Нездарма пра беларусаў ёсць легенда, што ў кожнага на заднім двары прыкапаны кулямёт. Хоць па тэлевізары чамусьці паказваюць арматуру ў лесе.

Кароткая памяць

Праўда, нашым людзям важныя гарантыі бяспекі, ці хаця б адчуванне асабістай недатыкальнасці. Таму што з інстынктам самазахавання ў беларусаў таксама ўсё ў парадку. Каб ён адключыўся, трэба яго неяк хітра падмануць.

Напрыклад, летам 2011 года людзі яшчэ добра памяталі пра навагодні разгон Плошчы-2010, але "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" прапанавала пратэставаць без лозунгаў і шэсцяў, у форме прагулкі па галоўным праспекце Мінска. Ідэя спадабалася, таму што выглядала гэта ўсё абсалютна бяспечна. Ну праўда, за што хапаць чалавека, які нічога не робіць?

"Хапун" на "маўклівай акцыі" ў 2011 годзе.

Відавочнымі прычынамі, якія вядуць людзей на вуліцы ў гэтым сезоне, сталі дэкрэт №3, беспрацоўе і падзенне рэальных даходаў. Але не менш важнай прычынай я б назваў сур'ёзны тэрмін, які прайшоў з апошняга "хапуна". За шэсць гадоў беларусы папросту забыліся, на што здольны АМАП. І пра тое, як мацюкаліся на "маўклівых акцыях", таксама забыліся.

17 лютага удзельнікаў "Марша раззлаваных беларусаў" не чапалі. 15 сакавіка затрыманні ў фінале акцыі абмежаваліся анархістамі, якія хавалі твары пад маскамі, і тымі, хто трапіўся пад гарачую руку разам з імі. А 25 сакавіка АМАП узяў і нагадаў, што ў Беларусі людзей можна проста распіхаць па аўтазаках. Выявілася, што гэта працуе.

Пратэсты па раскладзе

Калі не ўзгадваць пра гучныя акцыі канца 1990-х і сярэдзіны 2000-х, на Чарнобыльскі шлях ніколі не выходзіла шмат людзей. Мерапрыемства тэматычнае. Далёка не ўсе ў Беларусі бачаць сэнс супраціўляцца "мірнаму атаму" — няхай эколагі і кажуць, што атам мірным не бывае. Худа-бедна, але ўлады пераканалі тых, каму не ўсё адно, у тым, што АЭС патрэбная.

Але і на шлях людзі ходзяць, бо больш няма куды. Не кожны можа, як Ніна Багінская, выйсці з сольным пікетам да будынка КДБ.

Ніна Багінская ля будынку КДБ у Мінску

Ужо шмат гадоў вулічныя пратэсты праходзяць у Беларусі па раскладзе: Дзень Волі — Чарнобыльскі шлях — Дзяды. Хтосьці ўдзельнічае ў акцыях шчыра, хтосьці ходзіць па інэрцыі. Кагосьці вядзе цікаўнасць, кагосьці — мазахізм.

Гады прэзідэнцкіх выбараў і эканамічных крызісаў праходзяць цікавей. Але любыя адхіленні ад графіка сходзяць на не, як кругі на вадзе. Каб падтрымліваць агонь пратэстаў, у топку трэба пастаянна што-небудзь падкідваць. А ў Беларусі гэтай вясной атрымалася якраз наадварот.

Пернікам і пугай

9 сакавіка Лукашэнка абвясціў, што пераслед "сацыяльных утрыманцаў" адкладаецца на год. Спачатку яму, відавочна, не паверылі: увесь сакавік людзі патрабавалі адмяніць дэкрэт №3. Тым часам падатковыя інспектары пакінулі "дармаедаў" у спакоі, судовыя выканаўцы не ходзяць па кватэрах, а "сутак" за нявыплату збору так ніхто і не атрымаў. Людзі, не згодныя плаціць за права сядзець без працы, нават адчуваюць сябе пераможцамі. А як не адчуваць, калі да гэтага часу незразумела, як тыя, хто паспяшаўся раскашэліцца, будуць вяртаць свае грошы.

Што яшчэ змянілася з 25 сакавіка? Улады паспелі распавесці па тэлевізары сваю версію справы "Белага легіёна". Муляжы гранат у кадры засталіся муляжамі, але абывацелі атрымалі вострасюжэтны баявік пра таемную секту, якая рыхтавала дзяржаўны пераварот. І пра добрых сілавікоў, якія ўсіх выратавалі. Нават тых, каго збілі дубінкамі, якіх на самой справе не было.

Улады добра адчуваюць градус пратэстаў. Чатыры сціплых аўтазакі на вуліцы Дарашэвіча, побач з месцам збору ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляху, не дадуць схлусіць. 25 сакавіка іх было ў тры разы больш, плюс цэлая выстава дасягненняў народнай гаспадаркі: вадамёт, машыны з наваранымі кратамі. А ўчора ў Парку Дружбы народаў на чале калоны па-гаспадарску ішлі байцы АМАП. Вы ўяўляеце сабе такое на пратэстнай акцыі? Так што не верце тым, хто распавядае, што "народ ламануўся на лецішчы і градкі", а пратэсты на самой справе нарастаюць. Нічога падобнага, цырк з'ехаў.

Калі пачнецца зноў?

Мікалай Статкевіч спадзяецца, што беларусы зноў выйдуць пратэставаць ужо 1 траўня. Анатоль Лябедзька — што новая хваля пратэстаў накрые Беларусь увосень, пасля канчатковага рашэння "агароднага" пытання.

Дынаміка пратэстаў залежыць ад таго, як Лукашэнка зможа справіцца з яго прычынамі. Выкараненне беспрацоўя і бескампрамісная бітва з уласнай эканомікай за "папіццот" у самым разгары. Плацяжы па дэкрэце №3 зноў набудуць актуальнасць не раней за канец наступнай зімы. Калі да таго часу дакумент не адменяць ў прынцыпе.

Але таемная жарсць беларусаў да пратэстаў нікуды не падзенецца, якім лакам абяцанняў яе ні залівай.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі