Сёння пачынаецца суд над лідарамі незалежнага прафсаюза РЭП (відэа)

30/07/2018 - 07:04

30 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Мінска пачынаецца разгляд крымінальнай справы супраць старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка. Іх вінавацяць ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры. 

У жніўні 2017 года Дэпартамент фінансавых расследаванняў правёў ператрусы дома ў Фядыніча і Комліка, а таксама ў  офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Прафсаюзных лідараў затрымалі, але праз пэўны час вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. 

Як паведамлялася, Фядыніч і Комлік адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў літоўскім банку, куды паступалі грошы. Паводле інфармацыі Следчага камітэта, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на іх рахунак паступіла 140 тысяч еўра. Нявыплачаныя падаткі, паводле разлікаў Камітэта дзяржкантролю, склалі каля 23 тысяч рублёў. 

Максімальнае пакаранне, якое пагражае Фядынічу і Комліку, — да 7 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

Праваабаронцы праводзяць аналогіі паміж "справай прафсаюзаў" і справай праваабаронцы Алеся Бяляцкага (пачатай у 2011 годзе). 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі