Сёння 78-я гадавіна расстрэлаў беларускай інтэлектуальнай эліты

29/10/2015 - 09:19

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў падзямеллях мінскай турмы НКУС было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты Беларусі — літаратары, навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы.

Расстрэлы былі здзейснены чыкістамі да дня камсамолу. Сярод  ахвяраў было 22 літаратары — Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Міхась Чарот, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Васіль Каваль, Масей Кульбак, Юрка Лявонны ды іншыя.

А таксама наркамы асветы і юстыцыі БССР Аляксандр Чарнушэвіч і Максім Ляўкоў, рэктар БДУ Ананій Дзьякаў, загадчык кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута Якаў Сандамірскі, начальнік Вышэйшай школы Наркамата асветы БССР Вадзім Башкевіч, старшыня ЦК прафсаюзаў БССР Захар Кавальчук, намеснік наркама саўгасаў БССР Леанард Лашкевіч, студэнт БДУ Саламон Лямперт і шмат іншых. У наступную ноч растрэлы працягнуліся, забіта было больш за 30 чалавек. А за тры восеньскія месяцы ў 1937-м органы рэпрэсавалі больш за 600 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі.

Сёння праходзяць памятныя мерапрыемствы з гэтай нагоды.

У інтэрнэце стварылі базу, па якой можна шукаць рэпрэсаваных сваякоў. Стваральнікі базы з 2007 года збіралі матэрыялы: запісвалі аўдыё- і відэаінтэрв’ю ахвяраў савецкай сістэмы, капіравалі дакументы, фотаздымкі.

Фота: bramaby.com

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі