Сёлета ў БДУ прымуць на 190 абітурыентаў менш, чым у 2017 годзе

04/04/2018 - 20:12

Сёлета ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прымуць на 190 чалавек менш, чым у 2017 годзе. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў рэктар Андрэй Кароль. "Гэта агульнарэспубліканскі трэнд для ўсіх ВНУ. Скарачэнне тычыцца спецыяльнасцяў эканамічнага і юрыдычнага профілю", — удакладніў ён.

Па словах рэктара, такім скарачэннем ВНУ рэагуе на лішак спецыялістаў па пэўных прафесіях. "У пытанні падрыхтоўкі кадраў вельмі важна вытрымліваць дзяржзамову і забяспечваць перш за ўсё бюджэтныя месцы тымі, хто потым будзе працаваць у дзяржаўным сектары", — заявіў Кароль.

Ён дадаў, што год ад года ў БДУ ідуць усё больш моцныя студэнты. "Гэта відаць і па колькасці залатых медалёў, і па ўдзеле моладзі ў рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. Верагодна, прычына гэтага — парогавыя балы. Да нас паступаюць досыць матываваныя дзеці. Гэты год не будзе выключэннем", — упэўнены рэктар.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі