Сыцін: Тэму антыбеларускага ток-шоў расіянам падказаў нехта з Беларусі

25/11/2016 - 11:23

Ток-шоў, прысвечанае кнізе беларускага гісторыка Алега Трусава, не азначае пачатку новай інфармацыйнай вайны Расіі супраць Беларусі. Не з’яўляецца яно і рэакцыяй расійскіх СМІ на нядаўні візіт кіраўніка Беларусі ў Маскву. Найхутчэй, сама тэма ток-шоў расіянам была падказаная кімсьці з Беларусі. Такое меркаванне выказвае ўдзельнік ток-шоў “Час пакажа” расійскі палітолаг Аляксандр Сыцін.

Сыцін: “Нехта, канешне, стаў інфармацыйнай крыніцай. Наўрад ці тут, у Маскве, гэтую кнігу прачыталі, я сабе гэта дрэнна ўяўляю. Ведаючы кухню таго ж Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў, я сабе такога не ўяўляю. Думаю, гэта ад вас паступіў нейкі сігнал, з боку Беларусі. Альбо ад нейкіх вельмі прарасійска настроеных людзей, альбо ад людзей, якія баяцца паўтарэння ў вас сцэнару, аналагічнага ўкраінскаму”.

Тым не менш, Сыцін раіць пачакаць тыдзень і паглядзець, як далей будзе “беларуская тэма” раскручвацца ў расійскай інфармацыйнай прасторы. Калі ж працяг будзе, то палітолаг раіць беларускім уладам падумаць над адказам.

Нагадаем, што ток-шоў "Час пакажа" выйшла ў эфір расійскага “Першага канала” 24 лістапада.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі