Сямён Шапіра стаў новым старшынёй Федэрацыі хакею Беларусі

20/05/2017 - 10:32

Новым старшынёй Федэрацыі хакею Беларусі стаў старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра. Пра гэта стала вядома сёння, 20 траўня па выніках справаздачна-выбарнай канферэнцыі арганізацыі, паведамляе БЕЛТА.

Новы старшыня ФХБ падкрэсліў, што атрыманне права правядзення чэмпіянату свету 2021 года ў Мінску і Рызе — вялізарная перамога. “Калі абмяркоўваліся кандыдаты на пасаду старшыні федэрацыі хакею, у спісах я не фігураваў. Аднак, займаючы раней пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама, разам з трэнерам Анатолем Варывончыкам вырашылі зрабіць так, каб хакеем у рэгіёне ганарыліся”, — сказаў Шапіра.

Ён паабяцаў надаваць значную ўвагу дзіцяча-юнацкаму спорту і вывесці гэты від на больш высокі ўзровень.

Папярэдні кіраўнік ФХБ Ігар Рачкоўскі, які сышоў у адстаўку, падзякаваў усім за сумесную працу і выказаў жаданне падзяліцца сваім досведам у развіцці хакею. Напярэдадні СМІ са спасылкай на неназваныя крыніцы паведамлялі, што Рачкоўскі пакідае сваю пасаду, якую займаў з кастрычніка 2014 года.

Сямён Шапіра выбраны старшынёй ФХБ на чатыры гады.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі