Сведкі: падлетак, на якога пачалі "крыміналку", кідаў снежкі ў міліцэйскія аўто

03/12/2020 - 10:15

16-гадовы ліцэіст стаў фігурантам крымінальнай справы: міліцыя сцвярджае, што хлопец кідаў камяні ў міліцэйскія машыны. 

Аднак "Наша Ніва" знайшла больш за 10 сведкаў, якія заяўляюць, што ў аўто паляцела снежка. Інцыдэнт здарыўся 29 лістапада на вуліцы Русіянава ў Мінску. 

Сведкі распавялі "Нашай Ніве", што падлеткі кідалі снежкі ў бок ДАІ, але пацэліць маглі нячаста. 

"Я стаяў на прыпынку грамадскага транспарту насупраць універсама і ўважліва назіраў за дзеяннямі падлеткаў. Яны проста кідаліся снежкамі ў аўтазак, які стаяў, потым у машыны МУС, што праязджалі міма. Я хачу звярнуць увагу на тое, што снегу на зямлі не было, а толькі на машынах на паркоўцы. Я бачыў, як яны бралі снег з машын, ляпілі снежкі і кідаліся. Снег быў мокры, і таму супрацоўнікам у машыне магло здацца па гуку, што гэта камень", — кажа адзін са сведкаў.

Ёсць звесткі, што хлопцы пацэлілі ў аўтазак і ў машыну ДАІ. Пры гэтым інспектары ДАІ, кажа відавочца, проста змахнулі снег з лабавога шкла дворнікамі. 

"Пад'ехала іншая міліцэйская машына, і хлопцы ўдваіх кінулі снежкі ў машыну і сталі ўцякаць. Хлопец якога затрымалі, наколькі памятаю, трапіў у шкло. Другі хлопец прамахнуўся. Побач са мной стаяў незнаёмы мужчына, і мы адразу прыйшлі да высновы, што хлопца прыцягнуць па крыміналцы, было цікава толькі, як гэта напішуць. Камень — абсалютная выдумка, усё было на маіх вачах", — распавядае відавочца.

Сведкі кажуць, што снежка пацэліла ў бакавое шкло машыны. Аднак на міліцэйскім відэа паказваюць увагнутасць каля левых задніх дзвярэй аўтамабіля. Як адзначае "НН", у той бок камень мог прыляцець толькі з процілеглага боку дарогі, бо хлопцы стаялі на правым тратуары адносна машыны і дарогу не перабягалі. 

Пагоня з падлеткамі адбывалася па тратуарах. Потым адзін з сілавікоў кінуўся бегчы за імі ў двары. 

Гэтыя падзеі адзін з відавочцаў апісвае так: "Пасля спынення аўто адзін міліцыянт пабег з дубінкай за хлопцам, а другі выйшаў на вуліцу і стаяў каля машыны. Да яго падышлі чалавек 15, пачалі крычаць "Ганьба!" і тое, што не трэба затрымліваць хлопца. На што гэты звышрозум (міліцыянер) дастаў табельную зброю і пачаў ёй размахваць".

Таксама сведкі паведамляюць, што адзін з міліцыянтаў паваліўся, калі вылазіў з машыны. 

Затрымаць падлетка дапамагла другі міліцэйскі аўтамабіль. "На падмогу да іх выскачыла другая міліцэйская машына прама з двара. Хлопца аднаго злавілі, пры гэтым добра прыклаліся па галаве, пасадзілі ў машыну, і абедзве машыны з'ехалі так сама па тратуары", — распавядае яшчэ адзін сведка.

Паводле міліцыі, на юнака пачалі справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Яму пагражае ад штрафу да трох гадоў зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі