Сведкам па "справе Вясны" суд рассылаў падрыхтаваныя заявы аб няяўцы

17/01/2023 - 16:12
Суд над "вясноўцамі" / sb.by

Суд рассылаў сведкам па "справе Вясны" загадзя падрыхтаваныя заявы аб няяўцы на працэс, паведамляюць праваабаронцы.

Падчас следства па "справе Вясны" было дапытана каля 100 сведкаў. Аднак на сам працэс выклікалі толькі некалькі чалавек: галоўных рэдактараў газет "Народная Воля" і "Свовобные новости плюс", мытнікаў, некалькі праваабаронцаў з рэгіёнаў. Таксама на судзе зачыталі паказанні, дадзеныя падчас следства, ад яшчэ некалькіх праваабаронцаў і галоўнай рэдактаркі газеты "Новы Час" і двух засакрэчаных сведкаў са змененымі прозвішчамі.

Астатнія сведкі ў суд не з'явіліся. На працэсе паведамілі, быццам яны даслалі заявы аб разглядзе без іх прысутнасці. Гэтыя "адмоўнікі" спасылаліся пераважна на адсутнасць грошай на прыезд у суд, наяўнасць непаўналетніх дзяцей, стан здароўя.

Адвакаты "вясноўцаў" выступілі супраць зачытвання паказанняў, бо названыя прычыны не выключаюць магчымасць прысутнасці сведкаў на судзе. Абаронцы "вясноўцаў" заўважылі, што заявы напісаныя як пад капірку. Іх здзівіла, што ў сведкаў няма грошай, хоць усе яны жывуць у Беларусі. Дакументаў пра дрэннае самаадчуванне сведкі таксама не падалі.

Адвакаты прапанавалі даставіць сведкаў у суд прымусова. Але суд прызнаў паважнымі прычыны няяўкі сведкаў і вырашыў зачытаць іх паказанні на следстве.

Пазней праваабаронцам перадалі бланк заявы наконт няяўкі, якія суд рассылаў сведкам. Згодна з бланкам сведка прасіў слухаць крымінальную справу без яго, бо ён падтрымлівае паказанні, дадзеныя падчас следства. На думку праваабаронцаў, гэта сведчыць, што суд ад пачатку не быў зацікаўлены ў допыце сведкаў па "справе Вясны". У выніку падсудныя і іх абаронцы не могуць задаваць удакладняючыя пытанні ці выявівіць супярэчнасці ў паказаннях.

Разгляд "справы Вясны" ідзе з 5 студзеня ў Ленінскім судзе Мінска. Праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча (а таксама завочна Змітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой) судзяць за дапамогу рэпрэсаваным беларусам.

Справа займае 283 тамы. На судовых пасяджэннях ужо разгледзелі 40 тамоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі