Сваякам не аддаюць цела Генадзя Шутава, застрэленага ў Брэсце

20/08/2020 - 14:53
Генадзь Шутаў​

Сваякам Генадзя Шутава, які памёр 19 жніўня ад агнястрэльнага ранення, не аддаюць яго цела. Эксперты патрабуюць ад іх пастановы на выдачу цела з подпісам Следчага камітэта. Пра гэта родныя загінулага брастаўчаніна расказалі Еўрарадыё.

"Бацьку знайшлі ў Брэсцкай абласной бальніцы. Калі мы туды прыехалі, нам не далі ніякіх дакументаў. Ён ужо знаходзіўся ў цяжкім стане. А 10-й вечара яго на верталёце пераправілі ў Мінскі вайсковы шпіталь", — кажа Еўрарадыё дачка Генадзя Шутава Анастасія.

Паводле версіі сваякоў, Генадзь працаваў у гаражы з сябрам Аляксандрам. Пасля патэлефанаваў сужыцельцы і паведаміў, што выклікаў таксі да дома. Што адбывалася далей — невядома. Афіцыйны каментар ад Следчага камітэта: "11 жніўня двое мужчын здзейснілі напад на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку пры правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства". Нібыта ў руках у Шутава была жалезная труба, таму міліцыянт пачаў адстрэльвацца і выпадкова трапіў у галаву Шутаву.

Атрымаць цела бацькі Анастасія да гэтага часу не можа. Афіцыйнага заключэння аб прычыне смерці таксама няма. У шпіталі спачатку не хацелі праводзіць ускрыццё, спасылаючыся... на забарону ад Следчага камітэта.

"Заключэння ніхто не дае. Ускрыццё Следчы камітэт чамусьці адмяніў. Я патэлефанавала ў СК і ўдакладніла, ці давалі яны такі ўказ і на якой падставе. Яны сцвярджалі, што яны наогул ні пры чым і такога ўказа ад іх не паступала. Я зноў патэлефанавала ў шпіталь, там зноў сказалі пра рашэнне Брэсцкага следчага камітэта", — здзіўляецца Анастасія.

Афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч заявіў, што дазвол на выдачу цела сваякам Следчы камітэт дасць толькі пасля таго, як атрымае вынікі экспертных даследаванняў. Іх праводзіць Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

"Запыт можа быць разгледжаны толькі пасля правядзення неабходных даследаванняў. У сярэднім экспертыза праводзіцца ад 2 да 4 тыдняў", пракаментаваў парталу TUT.by Сяргей Цітавец, прэс-сакратар Цэнтральнага апарата ДКСЭ.

Сябар Аляксандр, які, паводле версіі сваякоў, быў у гаражы разам з Генадзем, цяпер знаходзіцца ў ІЧУ Брэста. Жонку да яго не пускаюць, сувязь з Аляксандрам — толькі праз адваката.

"Я чула, што ёсць сведкі, якія баяцца, нічога не хочуць казаць. Ёсць відэа, якое мне даслалі, але там нічога не відаць, там толькі чуваць, — кажа Еўрарадыё Марына, сястра Аляксандра. — Вы самі разумееце, што на яго могуць павесіць. На іх накінуліся ў дварах, хто ведае, хто на цябе накідваецца, ды яшчэ і са зброяй? Якія міліцыянты? Тыя, хто накідваліся, былі апранутыя як "ціхары".

Шутаў стаў трэцяй афіцыйна прызнанай ахвярай пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. 10 жніўня ў Мінску загінуў Аляксандр Тарайкоўскі, 11 жніўня памёр гамяльчук Аляксандр Віхор.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі