Суздальцаў: Крэдыту ад Еўразійскага банка для Беларусі не будзе

26/02/2016 - 14:19

"Умацаванне ўзаемадзеяння, адсутнасць недаверу, развіццё інтэграцыйных працэсаў" — такія вынікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнка і Уладзіміра Пуціна, калі чытаць сайты кіраўнікоў дзвюх краін. Агульныя словы без канкрэтыкі з адной лічбай: 6 мільярдаў долараў у бюджэце Саюзнай дзяржавы.

Але пра што дамовіліся на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы і ці дадуць Беларусі крэдыт?

На сайтах кіраўнікоў краін пра крэдыт ні слова. Але адразу пасля сустрэчы gazeta.ru са слоў старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця піша, што крэдыту у два мільярды долараў пакуль не будзе.

Бо "Беларусь не выканала ўмовы. Не былі павышаныя тарыфы на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспартныя паслугі, не цалкам рэалізаваная праграма прыватызацыі дзяржактываў, неабходных для стабілізацыі бюджэту і паляпшэння плацежнага балансу". А як жа павышаная камуналка, дарагі ліфт і цяпло?

"Усе умовы Беларусь даўно выканала, — адразу кажа эканаміст Сяргей Чалы, — Там ужо напрыканцы мінулага года не было ніякіх праблем. Яны цягнуць, бо могуць сабе дазволіць. Маўляў, пачакаем, пакуль яшчэ горш стане. Патрабаванні ў іх аналагічныя МВФ. Нічога звышнатуральнага там няма. Тут больш палітычны фактар, але мы не ведаем, пра што яны размаўлялі. Я бы чакаў гэты крэдыт у бліжэйшы час".

Крэдыту ад Еўразійскага банка развіцця Беларусь чакае больш за год. На думку Сяргея Чалага, ён нам проста неабходны, каб пагасіць іншыя запазычанасці.

Але "крэдыт не дадуць, ці дадуць вельмі не хутка", — такое меркаванне ў расійскага палітолага Андрэя Суздальцава:

"Крэдыту не будзе. Прычын тут шмат. Па-першае, з пункту гледжання кіраўніцтва Расіі, экспертаў, беларуская эканоміка, валютная сістэма краіны неадэкватная задачам, якія перад ёй стаяць. Яна не можа функцыянаваць у сучасным фармаце. Яе самастойны стан мінімальны. І уліванне ў яе крэдытаў не мае сэнсу. Сістэма разлічаная на ўтрыманскі падыход да знешніх рынкаў, знешніх рэсурсаў. Яна пабудаваная на спажыванні датацый. Гэта чорная дзіра для крэдытаў. Сітуацыя пагаршаецца і Беларусь пераўтвараецца ва ўсходнееўрапейскі варыянт Грэцыі".

Палітолаг звяртае ўвагу на тое, што нават авіябазу на тэрыторыі Беларусі кіраўнікі краін не ўзгадвалі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі