"Паўзун". Ілюстратыўнае фота / Сообщество железнодорожников Беларуси
"Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" атрымала інфармацыю пра сур’ёзнае парушэнне правілаў бяспекі, якое адбылося 6 траўня 2026 года на маршруце Баранавічы-Палескія — Інстытут Культуры.
У той дзень адбылося тэхнічнае парушэнне, якое Беларуская чыгунка (БЧ) публічна пазначыла як "часовае абмежаванне хуткасці".
Але, паводле інфармацыі "Супольнасці", гаворка ідзе пра значна больш сур’ёзную сітуацыю, якая закранула бяспеку руху і пасажыраў.
У электрацягніка №6818 былі выяўлены “паўзуны” — плоскія ўчасткі на паверхні колаў, якія ўзнікаюць пры слізгаценні заблакаванага кола па рэйцы. Такі дэфект прыводзіць да таго, што кола перастае каціцца і пачынае наносіць удары па рэйцы пры кожным абароце. Чым глыбейшы паўзун, тым мацнейшая ўдарная нагрузка на шлях і элементы рухомага саставу.
Менавіта гэта і адбылося на перагоне Гарадзея — Стоўбцы. Паводле папярэдняй ацэнкі, велічыня паўзуноў перавышала бяспечны парог, што запатрабавала неадкладнага ўвядзення абмежавання хуткасці не толькі для цягніка №6818, але і для ўсіх саставаў, якія ішлі следам за ім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут