Мітрапаліт Філарэт / Беларуская праваслаўная царква
12 студзеня на 86-м годзе жыцця памёр мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. "Пасля працяглай хваробы", — напісаў пра яго смерць тг-канал прэс-службы Лукашэнкі "Пул первого", хоць вядома, што хварэў уладыка менш за месяц: 14 снежня Філарэт заразіўся каранавіруснай інфекцыяй ад кіраўнікоў БПЦ, якія прыйшлі да яго на імяніны.
Філарэт кіраваў Беларускай праваслаўнай царквой 35 гадоў — з 1978-га, калі стаў мітрапалітам і патрыяршым экзархам усяе Беларусі, да 2013 года. Успамінаем факты з яго біяграфіі.
За час служэння Філарэта ў Беларусі з'явіліся дзясяткі новых храмаў і адрадзіліся прыходы, знішчаныя за савецкім часам. Па заказе Філарэта брэсцкі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч аднавіў страчаны ў гады вайны крыж Ефрасінні Полацкай.
Кіраўнік каталіцкага касцёла Тадэвуш Кандрусевіч лічыць, што перыяд мітрапаліцкага служэння Філарэта можна назваць адраджэннем праваслаўнай царквы.
— Амаль палову свайго жыцця вы прысвяцілі пастырскаму служэнню ў Беларусі, пачаўшы яго ў цяжкія часы ганенняў на царкву. Тады, у цемры атэістычнага рэжыму, на небасхіле нашай Айчыны загарэлася Бэтлеемская зорка, імя якой Філарэт, — так выказваўся Кандрусевіч, віншуючы Філарэта з 80-годдзем.
Мітрапаліт Філарэт пачаў сваё служэнне, калі на ўсю Беларусь існавала толькі адна епархія. Сёння іх 15.
Мітрапаліт Філарэт не раз гаварыў пра тое, што БПЦ выступае супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Напрыклад, у 2013 годзе ён так адказаў на зварот Тамары Сялюн, сына якой прысудзілі да найвышэйшай меры пакарання:
— Беларуская праваслаўная царква робіць намаганні, каб смяротныя прысуды ў нашай краіне не прыводзіліся ў выкананне, што цалкам адпавядае палажэнням, выкладзеным у "Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы". Хрысціянскі маральны ўплыў выхаваў у свядомасці людзей адмоўнае стаўленне да смяротнага пакарання. Адмена смяротнага пакарання дае больш магчымасцяў для пастырскай работы з тым, хто спатыкнуўся, і для яго ўласнага пакаяння.
Зрэшты, Паўла Селюна ўсё-ткі расстралялі — у красавіку 2014 года.
Беларуская праваслаўная царква звяртае ўвагу грамадскасці на праблему смяротнага пакарання пачынаючы з 1990-х. У 1996 годзе напярэдадні рэферэндуму, на якім сярод іншага абмяркоўвалася пытанне пра смяротнае пакаранне, БПЦ заклікала беларускі народ адмовіцца ад такой меры пакарання.
Па абвешчаных выніках рэферэндуму больш за 80% тых, хто прагаласаваў, выступілі за смяротнае пакаранне.
Пасля смерці патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II у 2008 годзе мітрапаліт Філарэт быў адным з трох кандыдатаў на маскоўскі патрыяршы прастол. Але перад выбарамі узяў самаадвод. У выніку пасаду патрыярха 27 студзеня 2009 года заняў Кірыл (Гундзяеў). На прастол таксама прэтэндаваў мітрапаліт Калужскі і Бароўскі Клімент.
Аляксандр Лукашэнка публічна гаварыў пра цёплыя і сяброўскія адносіны з мітрапалітам Філарэтам, запрашаў яго на інаўгурацыі, віншаваў са святамі і адпраўляў падарункі. Кіраўнік праваслаўнай царквы таксама не раз выказваў падтрымку Лукашэнку.
Напрыклад, у 2004 годзе падчас рэферэндуму, які дазволіў Лукашэнку балатавацца на трэці і наступныя прэзідэнцкія тэрміны, Філарэт сказаў, што народ, хутчэй за ўсё, дазволіць Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах.
— У мінулыя гады беларускі народ не раз праяўляў мудрасць. Упэўнены, што і цяпер нашы суайчыннікі зробяць правільны выбар, — казаў уладыка.
1 сакавіка 2006 года мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту прысвоілі званне "Герой Беларусі". Ён атрымаў узнагароду за "шматгадовы асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне дружбы і брацкіх сувязяў паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялогу".
У 2009 годзе на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з сябрамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Філарэт заявіў, што "неабходна дзейснае рэгуляванне інтэрнэт-змесціва на заканадаўчым узроўні". Ён адзначыў, што ў гэтым пытанні можна арыентавацца на досвед Кітая.
Па яго словах, "інтэрнэт, які ёсць расчыненымі дзвярыма ў свет, мае магутны ўплыў на свядомасць людзей":
— Асноўная пагроза заключаецца ў тым, што амаральная інфармацыя стала даступнай самым уразлівым катэгорыям — дзецям і падлеткам, у якіх псіхіка яшчэ няўстойлівая. Для іх віртуальны хаос вельмі небяспечны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.